Паводле інфармацыі, якая прайшла адразу пасьля галасаваньня, на выбарах дэпутатаў у барысаўскі гарсавет перамогу атрымаў эканаміст Зьміцер Бабіцкі, але літаральна праз два дні высьветлілася, што па афіцыйных дадзеных на 22 галасы перамог яго канкурэнт. Зьміцер Бабіцкі робіць уражаньне эўрапейскага палітыка.

У яго ёсьць праграма, зь якой ён сёлета насуперак усім злыбедам амаль атрымаў перамогу на мясцовых выбарах. Па адукацыі ён чыноўнік, пасьля перамогі дэмакратыі зьбіраецца разьвіваць свой родны Барысаў. Выглядае на тое, што на палітычнай сцэне зьяўляецца яшчэ адна яскравая асоба.

«Наша Ніва»: Далёка ня ўсе нашы чытачы ведаюць, хто такі Зьміцер Бабіцкі.

Зьміцер Бабіцкі: Я нарадзіўся ў Барысаве ў Старым горадзе. Добра памятаю драўляную хату, у якой жылі ўсе мае продкі з 1930‑х гадоў. Потым мы пераехалі ў новы мікрараён. Там я вырас, вучыўся ў першай барысаўскай гімназіі. Пасьля школы паступіў у Эканамічны ўнівэрсытэт. Рыхтаваўся стаць дзяржаўным службоўцам.

Яшчэ падчас вучобы стаў удзельнічаць у грамадзкім жыцьці. Маёй першай акцыяй быў удзел зь сябрам у 1996 г. у камуністычным мітынгу ў Барысаве зь бел‑чырвона‑белым сьцягам; хадзілі доўга па праспэкце, людзі нас шчыра віталі. Потым прыбегла міліцыя, нашым затрыманьнем тады, здаецца, кіраваў камуніст Капульцэвіч, які цяпер у апазыцыі.

Падчас вучобы я выйграў стыпэндыю імя Сьцяпана Батуры і адзін курс навучаўся ў Варшаўскім унівэрсытэце. Адразу па сканчэньні ўнівэрсытэту паступіў у асьпірантуру на катэдру рэгіянальнага кіраваньня. Рыхтаваў дысэртацыю, прысьвечаную прыватызацыі грамадзкага транспарту. У навуцы мае прыярытэты — рэгіянальнае разьвіцьцё.

Удзельнічаў у напісаньні праграмы рэформаў «Эўрапейскі выбар Беларусі», поруч зь іншымі экспэртамі. Стварылі ў Барысаве і выдалі першую ў краіне стратэгію разьвіцьця рэгіёну. Апошнія тры гады я супрацоўнічаў з дасьледчым цэнтрам Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту. Цяпер супрацоўніцтва зь ІПМ часова перарвалася.

«НН»: Спакусы пайсьці працаваць па спэцыяльнасьці дзяржаўным чыноўнікам ніколі не было?

ЗБ: Не. Калі праходзіў практыку падчас вучобы ў дзяржаўных установах, пабачыў, што гэтая сыстэма гнілая.

Выбары — гэта выдатны момант актывізацыі грамадзтва

Разам з тым мяне прыемна ўразіла, што нашы чыноўнікі абсалютна ўсё разумеюць. Няма такога, што ў органах улады сядзяць абмежаваныя людзі, яны нармальна ведаюць замежны досьвед, разумеюць, што ў нас няма самакіраваньня, што ў сыстэме падаткаабкладаньня й фінансаваньня бардак. Чыноўнікі вольна апэруюць падставовымі эканамічнымі катэгорыямі. Сыстэма пабудаваная так, што працаваць там здолее ня кожны.

«НН»: Чаму ты вырашыў пайсьці сёлета на мясцовыя выбары?

ЗБ: Таму што выбары — гэта момант актывізацыі грамадзтва, момант, калі перад грамадзтвам можна паставіць пытаньне: за каго вы? Людзіразумеюць, што мясцовыя саветы нічога ня значаць, але была надзея, што будзе магчымасьць правесьці досыць якасную і эфэктыўную агітацыйную кампанію. Мы адназначна дасягнулі гэтай мэты. Апроч усяго, на мне сыстэма дала відавочны збой. Наша група вылучала шасьцёх чалавек, пяць зьняліся з выбараў, я застаўся. Мяне пакінулі, каб мы змаглі адсканаваць сытуацыю, адпрацаваць пэўныя схемы, зрабіць татальнае назіраньне на гэтым участку, пабачыць, што з гэтага можа канкрэтна атрымацца.

Маёй канкурэнткай па абласной акрузе была кіраўнічка мясцовага БРСМ

«НН»: Як ты праводзіў сваю перадвыбарчую кампанію?

ЗБ: У Барысаве было пяць сустрэчаў з выбарцамі. На першай сустрэчы ў школе прысутнічаў Мілінкевіч. Настаўнікі вельмі прыязна паставіліся да яго. Маёй канкурэнткай на абласной акрузе выступала былая кіраўнічка мясцовага БРСМ, на якую ў Барысаве ў кадравым пляне робіцца стаўка. Галоўным пунктам маёй агітацыі была праграма «ад дзьвярэй да дзьвярэй». Я і сябры маёй ініцыятыўнай групы абышлі больш за сем тысяч кватэраў. Каб мы не ішлі на выбары, то, магчыма, рэальная яўка магла б скласьці ня больш за 30 %. Многія былі ўражаныя, што кандыдат прыходзіў асабіста да іх у кватэру, і гэта быў стымул ісьці на выбары. Перад самымі выбарамі затрымалі і арыштавалі кіраўніка майго штабу Сержука Салаша. Улады палічылі, што, ліквідаваўшы галаву, цела будзе бязьдзейнае, але яны пралічыліся. Напэўна, мы былі адзінымі ў краіне, хто змог назіральнікамі закрыць цалкам усе ўчасткі для галасаваньня.

«НН»: Першапачаткова прайшла інфармацыя, што ты перамог, але ўрэшце мандат аддалі прадстаўніку гарадзкой намэнклятуры. Што здарылася?

ЗБ: І свайго абласнога суперніка, і раённага, з афіцыйных зьвестак, я перамагаў толькі на дзьвюх участках, якія акурат трапілі на маю раённую акругу. Назіральнікі, што былі дапушчаныя да падліку галасоў, адзначалі, што я меў амаль удвая большую перавагу над канкурэнтамі. Зьвёўшы ўсе пратаколы, я выйграю на раённай выбарчай акрузе ў дырэктара барысаўскага аўтапарку Шкрэдава на 37 галасоў. Мы ўручную зрабілі копіі пратаколаў, але старшыні камісіяў са зразумелых прычынаў адмовіліся афіцыйна запэўніць тыя пратаколы. Потым мы раскінулі па ўсіх навінавых агенцтвах інфармацыю пра перамогу. У панядзелак я стаў тэлефанаваць і прыяжджаць у раённую выбарчую камісію, але яна некуды зьнікла, не адказваў тэлефон, іх не было ў кабінэце. Усё гэта рабілася, каб я не пасьпеў атрымаць інфармацыю 15 студзеня і ня змог абскардзіць вынікі. Мне далі толькі дзьве лічбы: за Бабіцкага прагаласавала 36,8% выбарцаў, а за Шкрэдава 37,7%. У выніку я прайграю на 22 галасы.

«НН»: Ці не сымбалічна, што тваім супернікам на выбарах быў начальнік аўтапарку? Ты ж таксама займаўся праблемай грамадзкага транспарту.

ЗБ: Гэта супадзеньне. Мы не рабілі на гэтым нейкай палітычнай кампаніі. Канцэпцыі і лёзунгі маёй перадвыбарчай кампаніі былі скіраваныя на дзьве рэчы: на сацыяльныя аспэкты і на тое, што мы давалі людзям магчымасьць марыць. Была канцэпцыя мары, я казаў людзям, што я маю мару і вы майце мару.

Уся кампанія была выключна па-беларуску. Гэта прынцыпова

Нашы мары падобныя: мы хочам з вамі, каб у Барысаве быў унівэрсытэт, што нашым прадпрыемствам патрэбнае разьвіцьцё, што падаткі мусяць ісьці ня ў Менск, а заставацца ў Барысаве, каб наш горад перастаў займаць першае месца ў краіне па злачыннасьці. Мы хочам зрабіць адбудову старой часткі гораду, людзі ж сапраўды хочуць убачыць Стары горад ня дзе‑небудзь у Кракаве, а тут — у Барысаве. І гэта спрацавала.

«НН»: На якой мове праходзіла твая выбарчая кампанія?

ЗБ: Усё было толькі на беларускай мове. Гэта было маім прынцыповым рашэньнем. Я лічу, што мой посьпех зьвязаны ў тым ліку і з тым, што я вёў кампанію па‑беларуску.

«НН»: Ці зьбіраесься налета балятавацца ў парлямэнт?

ЗБ: Не. Не таму, што мы ня хочам, не таму, што мы лічым іх непатрэбнымі. Мы проста бачым, што людзі ня вераць выбарам. Калі на ўчастку ня будзе нармальнай дэмакратычнай альтэрнатывы, то яўка ніколі не перавысіць 50%. Таксама ёсьць верагоднасьць дыскрэдытацыі сябе ў тым сэнсе, што ты ўжо пяць разоў удзельнічаў у выбарах і заўсёды прайграваў. Людзям не давядзеш, што папраўдзе ты выйграў. У такім разе ты не палітычны лідэр, а — лузэр. У Барысаве ёсьць ужо некалькі такіх чалавек, якія не перамогуць і ў выпадку зьмены ўлады, бо даўно дыскрэдытавалі сябе такім чынам.

«НН»: Чаму менавіта ў Барысаве ўтварылася такая баяздатная група дэмакратычных кандыдатаў?

ЗБ: Я не люблю містыкі, але Барысаў, як падаецца, горад неспакойны. Горад, дзе людзі здатныя на моцныя пратэсты. Гэта гістарычна ў нас закладзена. Барысаўцы ўдзельнічалі ў Слуцкім збройным чыне, у 1933 г. у горадзе былі выступы, якія скончыліся зачысткамі. І цяпер тое самае: за апошні год у Барысаве людзі без усялякай палітыкі перакрылі чыгунку, а ў другой частцы гораду зрабілі несанкцыяваны мітынг і патрабавалі адклікаць тамтэйшага дэпутата сельсавету. Гэта вялікая памылка намэнклятуры — так закручваць шрубкі, як гэта робіцца ў Барысаве.

«НН»: Ці ўважаеш ты сябе цяпер больш за палітыка ці за эканаміста?

ЗБ: Палітыкам я сябе не лічу. Пасьля гэтай кампаніі, можа быць, я буду лякальным лідэрам.

Да апошніх заяваў Партыі БНФ стаўлюся адмоўна

Сёньня ў Беларусі на нацыянальным узроўні толькі тры палітыкі — Лукашэнка, Пазьняк і Мілінкевіч. Я толькі пачынаю станавіцца палітыкам.

«НН»: Што ты як шараговы сябра Партыі БНФ думаеш пра нядаўнія заявы Фронту адносна Мілінкевіча?

ЗБ: Адмоўна стаўлюся. Мілінкевіч на сёньняшні момант адзіны лідэр. Гэта спакойны, нармальны, флегматычны чалавек, які можа ўзначаліць і годна прадстаўляць краіну. Гэта як банэры на сайтах «Прэзыдэнт, якім Вы зможаце ганарыцца». Я не разумею, чаму цяпер ладзіцца Кангрэс. Не разумею, чаму я мушу здаць подпісы для ўдзелу ў Кангрэсе, калі на сваім участку за мяне афіцыйна прагаласавала 3000 чалавек. Хай яны пакажуць, колькі чалавек прагаласавала за іх.

«НН»: У сьвеце эканомікі ты таксама далёка не апошні чалавек. Некалі прачытаў у СМІ, што ты ўдзельнічаў у прэстыжнай штогадовай сустрэчы амэрыканскіх эканамістаў. Трэба адзначыць, што Нобэляў у эканоміцы за апошнія гады атрымоўваюць выключна амэрыканцы.

ЗБ: Лічыцца добрым густам там зьявіцца. На маёй перадвыбарчай улётцы быў мой здымак зь ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне эканомікі Робэртам Салоў. Бачыўся зь яшчэ адным ляўрэатам Нобэля Гары Бэкерам. Даводзілася перакідвацца зь імі некалькімі сказамі нават наконт сытуацыі ў Беларусі. Яны ў курсе гэтай сытуацыі.

Зьміцер Бабіцкі Нарадзіўся ў 1979 у Барысаве. Эканаміст. У 2002 скончыў факультэт мэнэджмэнту БДЭУ па спэцыяльнасьці «дзяржаўнае і муніцыпальнае кіраваньне». Сябар Партыі БНФ. Апошнія тры гады супрацоўнічаў з дасьледчым цэнтрам Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?