Пра пераход Беларусі на эўра, візыт Мальцава ў Іран і іншыя тэмы тыдня піша Віталь Тарас.

Эўра і Галакост

Пры канцы студзеня Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў прызнала адмаўленьне Галакосту — масавага вынішчэньня габрэяў гітлераўцамі падчас Другой сусьветнай вайны — злачынствам. Рэзалюцыя ў гэтым пытаньні, прапанаваная ЗША, была прынятая ўсеагульным ухваленьнем без галасаваньня. Супраць яе выступіў толькі Іран, дзе месяц таму адбылася «навуковая канфэрэнцыя» па Галакосьце. На яе зьехаліся з усяго сьвету тыя, хто лічаць колькасьць ахвяраў вайны «завышанай».

Дарэчы, Міжнародны дзень Галакосту 27 студзеня ўпершыню сталі адзначаць толькі ў 2005 г. У гэты дзень у 1945 г. савецкія салдаты вызвалілі канцлягер Асьвенцым.

Гэтую дату, таксама як і рашэньне ААН, беларускія СМІ амаль не заўважылі. Зразумела, дзяржаўная і недзяржаўная прэса былі больш занятыя сэнсацыйнымі выказваньнямі Лукашэнкі пра тое, што адзінай валютай у Беларусі можа стаць эўра, і што Беларусь, як ніводная іншая дзяржава, заслугоўвае на тое, каб быць далучанай да Эўразьвязу. Гэтыя выказваньні кіраўніка дзяржавы выглядалі гэтак сама натуральна, як і ягоны партрэт на першай старонцы «Нашай Нівы».

Праўда, інтэрвію кіраўніка нямецкай газэце «Вэльт», дадзенае крыху раней, павінна было крыху супакоіць ягоных старых прыхільнікаў, паколькі Лукашэнка чарговы раз патлумачыў, як ён разумее эўрапейскую дэмакратыю і чаму ён так баіцца журналістаў.

Аднак, калі скарыстацца састарэлым у нашыя дні мэтадам параўнаньня словаў палітыкаў з практыкай, то варта ўспомніць напачатку пра візыт міністра абароны Беларусі Мальцава ў Іран.

Хаця вынікі гэтага візыту былі ахутаныя амаль суцэльнай сакрэтнасьцю, можна ўспомніць, што падчас ранейшых кантактаў беларускага кіраўніцтва з іранскім гаворка, у прыватнасьці, тычылася вайскова‑тэхнічнага супрацоўніцтва. Пра пастаўкі канкрэтных відаў узбраеньняў Ірану нідзе афіцыйна не гаворыцца. Але, калі верыць высновам амэрыканскага Кангрэсу, які працягнуў нядаўна дзеяньне Акту аб дэмакрытыі ў Беларусі, роля Менску як пасярэдніка ў пастаўках расейскай зброі — скажам, у Ірак, азіяцкія ды афрыканскія краіны ў апошнія гады была надзвычай важнай.

І калі паглядзець праз гэтую прызму на апошнія падзеі ў сьвеце — на чарговыя выпрабаваньні Іранам балістычных ракетаў, зробленых на падставе расейскіх аналягаў… Дык вось, калі паглядзець на ўсё гэта ў сукупнасьці, можна зрабіць выснову, што пазыцыя афіцыйнага Менску і Масквы ў падмурковых пытаньнях сучаснае міжнароднае палітыкі разыходзіцца значна меней (калі ўвогуле разыходзіцца), чым падыходы да будаўніцтва так званае «саюзнае дзяржавы» ды ўнутраных пытаньняў.

Дайце «тайм‑аўт»

Як слушна заўважыў адзін зь вядомых аўтараў расейскіх «Известий», калі б Крэмль захацеў зьнішчыць аўтарытарны рэжым у Беларусі — ён бы яго зьнішчыў, а не абмежаваўся б паўмерамі, якія нанесьлі ў выніку страты рэпутацыі Расеі на міжнароднай арэне. Страты іміджу, але ня сутнасьці цяперашняга пуцінскага рэжыму, які мала чым адрозьніваецца ад Лукашэнкавага.

Таму радасьць з нагоды апошніх «праэўрапейскіх» выказваньняў Лукашэнкі выглядае крыху дачаснай. Як і прыезд кіраўніка ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Менск. Дзякаваць Богу, гэтым разам кіраўнік Беларусі ўратаваў твар эўрапейскага чыноўніка, не сустрэўшыся зь ім, і тым самым не стварыўшы дадатковых ілюзіяў у часткі палітычнага істэблішмэнту на Захадзе.

Размова вядзецца, як і раней, пра цывілізацыйны выбар — ці зьбіраецца Беларусь распачаць рух на Захад, падзяляючы, у прынцыпе, асноўныя эўрапейскія каштоўнасьці (а пра іх нагадала нядаўна ПАРЭ, якая апраўдала, хоць і са спазьненьнем, дацкіх журналістаў, што надрукавалі карыкатуры на прарока Мухамэда); ці яна зьбіраецца заставацца ўсходняй дэспатыяй накшталт Туркмэністану. Толькі бяз газу.

Так, апошні нафтагазавы канфлікт моцна ўстрывожыў кіраўніка Беларусі. Ён упершыню сутыкнуўся з тым непрыемным фактам, што ня ўсё залежыць толькі ад ягонай волі на тэрыторыі ягонай жа дзяржавы. Кран ад энэрганосьбітаў застаецца ў Расеі, і ў яе волі прыкруціць яго, адкруціць і прымусіць плаціць за нафту й газ па сусьветных цэнах. Таму цяпер у Менску ліхаманкава шукаюцца спосабы ня столькі знайсьці альтэрнатыву расейскім энэргапастаўкам (бо ідэя замены нафты з Расеі на расейскую ж нафту, толькі запампаваную ў тэрміналы Вэнтспілса, выглядае, мякка кажучы, экзатычнай), колькі давесьці Маскве, наколькі ёй патрэбны саюз з Лукашэнкам, які процістаіць NАТО.

Калі камусьці ў дзеяньнях «Газпрому» і расейскага ўраду бачыцца выключна й толькі перавод эканамічных адносінаў паміж дьвюма дзяржавамі на «рынкавыя рэйкі», дык Лукашэнка абсалютна слушна бачыць у гэтых дзеяньнях замах на свае ўладныя паўнамоцтвы, на абсалютную ўладу на сваёй тэрыторыі.

Цалкам артыкул чытайце ў папяровай вэрсіі газэты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?