Вось ужо некалькі тыдняў наведнікаў сіценскага інтэрнату сустракае шматгалосы віск ды скавытаньне з‑пад ганку. Якраз на сьвяты ў дашчанай скрынцы з прыступкамі ашчанілася дварняжка Мільда.

Нягледзячы на бадзяжны выгляд, рост 30 сантымэтраў і вагу кіляў пяць, Мільда — псіна баявая. Службовая. Рабочы Сяргей, які вартуе на лесапавале тралёвачныя трактары, бэнзын ды вагончык зь лесьніковым снадзівам, заўжды бярэ Мільду з сабою. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі гаспадар глушыць «максімку» або адсыпаецца, задача Мільды — гаўкаць пры набліжэньні чужых ці начальства, а раніцай — будзіць Сяргея да прыезду вахтоўкі. На Каляды, убачыўшы ў сваёй карацупы добрае бруха, вартаўнік кінуў яе ў вёсцы.

У маразы Мільдавы шчанюкі наўрад ці б выжылі, але дзякуючы эўрапейскай зіме бадзёра пішчаць. Цяпер Мільду, якую раней пінком адганялі ад форткі, ласкава кормяць і «хімікі», і майстрыца, і вясковыя рабочыя. Цешацца ўсе — трэба меркаваць, да тае пары, пакуль з‑пад ганку ня вылезуць чатыры ці пяць новых дварняжак.

Увогуле, сабакаў у Сітне больш, чым кароваў ды сьвіньняў, разам узятых. Апроч свойскіх, пераважна аўчарак, па вёсцы гойсаюць колькі дзясяткаў дзікіх — калматых, пярэстых, вялікіх ды маленькіх, невядома якое пароды. Шыльды «Асьцярожна: злы сабака!» тут ня маюць сэнсу: злы сабака ў двары — гэта само сабою (хаця вартаваць у большасьці хатаў няма чаго). Ані ў бацькавай Унорыцы на Дняпры, ані ў матчыным Лунінцы столькі сабакаў ня бачыў.

Увечары дзікія сабакі Сітна ператвараюцца ў сапраўдных валадароў вёскі. Некаторыя гаспадары спускаюць сваіх азьвярэлых братоў меншых з ланцугоў — і ў выніку ў сельсавет штотыдня трызвоняць напалоханыя або пакусаныя жыхары.

Абмяжоўваюць колькасьць сіценскае зграі хіба начныя ваўчыныя рэйды ў моцныя маразы — бывае, рэжуць нават аўчарак на падворках.

Харчуецца ўся папуляцыя на вясковых сьметніках, ад чаго памыйныя кучы набываюць надзвычай маляўнічы выгляд. Найвялікшае ў вёсцы сабачае шчасьце разьмяшчаецца якраз за нашым інтэрнатам — апроч «хімікаў» ды рабочых, у яму ў 50 мэтрах ад бараку зносяць адкіды жыхары суседніх дамоў. У выніку, як ты ні закопвай пакункі са сьмецьцем, за ноч сабакі растрыбушаць усё да апошняга шматка. Уяўленьне такое, быццам тут выбухнула бомба, начыненая памыямі, пакінула глыбокую варонку, а ўдарная хваля разьнесла бляшанкі, цэляфан, паперкі ды невядомую клятчатку.

Часам здаецца, што сабакам у Сітне жывецца лепш, чым людзям. Калі чуеш, як п’яныя вяскоўцы брэшуць на сваіх дзяцей, бачыш, зь якой сабачай прагай малыя зь «ненадзейных» сем’яў кідаюцца на тую пячэніну ці цукерчыну, або як школьнікі сігаюць за плот ад вялізнага барбоса, спушчанага з ланцугу — думаеш, што сабакам тут якраз пашанцавала.

Задаволена павіскваюць Мільдавы шчанюкі, аб’ект усеагульнае ўвагі ды клопату. Мітусяцца вакол людзі. Глядзіш на такую рэдкую ў гэтых краёх чалавечую ласку, пяшчоту, ціхую радасьць — і згадваеш, што вось гэты вясковец, які, пацмокваючы, падкладае Мільдзе костку, нядаўна выгнаў на вуліцу сужыцельку зь дзіцём; кабеціна, у якой аж вочы сьвецяцца каля тых шчанюкоў, пазбаўленая бацькоўскіх правоў за хранічны алькагалізм; а мужык, што пачэсвае дварняжку за вухам, адбывае «хімію» за нявыплату алімэнтаў.

І ўсё‑такі: гэта любоў.

…На Раство да мяне прыяжджалі пратэстанты‑прадпрымальнікі зь Менску. Пачаставалі на вуліцы параю мандарынаў тых дзетак, убачылі, як зьбегліся астатнія, ды, пакінуўшы 50 тысячаў, папрасілі павіншаваць усіх малых у Малым Сітне. Мне кінулася ў вочы адно: і загадчыца сельпо, у якой закупаў цукеркі, печыва ды садавіну, і супрацоўніца дзіцячага садка, і настаўніца ў школе, якім адносіў ласункі з просьбай раздаць на Раство «ад эвангельскіх хрысьціянаў», і бацькі на елцы — апускалі вочы.

Значыць, няёмка. Сорамна.

Значыць, ёсьць надзея, што ня вытаптаныя, ня згаслыя канчаткова агменьчыкі сумленьня й спагады ўрэшце разгарацца. Што беларусы адчуюць любоў Божую, любоў да блізкага свайго, да братоў — і большых, і меншых… Што адшукаюць яны шлях да Вялікага Чалавечага Шчасьця. Шлях, якім ёсьць нацыянальнае абуджэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?