У экспазіцыйнай аранжарэі Цэнтральнага батанічнага сада ў Мінску 4 лістапада адкрылася выстава калекцыі марскіх жыхароў «Народжаныя морам».

Як паведаміла загадчыца інфармацыйна-асветніцкага сектара сада Алена Сакуранка, у ліку экспанатаў выставы розныя віды каралаў і марскіх ракавін, у тым ліку тыя, што маюць гісторыю ў мільён гадоў. Увазе гледачоў таксама прапанаваны марскія зоркі, вожыкі, яркія трапічныя рыбы, сківіцы акулы. Сярод найболей рэдкіх экспанатаў — метровы амар. Наведвальнікам батанічнага сада не трэба асобна даплачваць за агляд выставачных экспанатаў, дастаткова купіць білет у аранжарэю.

У аранжарэі прадстаўлена больш за 600 відаў трапічных і субтрапічных раслін, у іх ліку эўкаліпт, бамбук, інжыр, лаўр, кактусы апунцыя і агава. Наведвальнікі аранжарэі могуць палюбавацца цвіценнем калекцыі архідэй, а таксама камеліі і трапічнага ліянападобнага кустоўя бугенвіліі.

Батанічны сад плошчай прыкладна 100 га быў закладзены ў 1931 годзе. Гэта найбуйнейшы зялёны масіў цэнтральнай часткі Мінска. Тут налічваецца да 11 тыс. найменняў раслін, у тым ліку каля 2,4 тыс. відаў і сартоў трапічных і субтрапічных раслін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?