Віктар Лукашэнка (справа) сканцэнтраваў у сваіх руках усе сілавыя ведамствы.

Віктар Лукашэнка (справа) сканцэнтраваў у сваіх руках усе сілавыя ведамствы.

 Мясніковіч – фармальна другі чалавек у краіне.

Мясніковіч – фармальна другі чалавек у краіне.

 Макей мае ўплыў на Лукашэнку.

Макей мае ўплыў на Лукашэнку.

Міхаіл Мясніковіч

Калі звярнуцца да заканадаўства, то артыкул 15 Закона «Аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» адзначае: «У выпадку вакансіі пасады прэзідэнта ці немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў па прычынах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прыняцця прысягі новым выбраным прэзідэнтам пераходзяць да прэм’ер-міністра. Пры гэтым выбары прэзідэнта павінны быць праведзеныя не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым праз 70 дзён пасля адкрыцця вакансіі».

Такім чынам,

фармальна другім чалавекам у дзяржаве з’яўляецца прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Чалавек старога гарту, які папрацаваў яшчэ ў кіроўным апараце БССР.

Разам з тым, Мясніковіч, як і мінулыя прэм’еры, у асноўным засяроджваецца на эканамічных і сацыяльных пытаннях.

Варта адзначыць, што падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў кандыдаты хацелі разыграць карту з прэм’ер-міністрам. Людзі на плошчы Незалежнасці дабіваліся сустрэчы з Сідорскім, які б мог узяць уладу ў выпадку неабрання Лукашэнкі.

Тады гэты ход не прайшоў, Сідорскі так і не з’явіўся перад дэманстрантамі, а потым увогуле згубіў месца кіраўніка ўрада.

Рубінаў, Андрэйчанка, Міклашэвіч

Калі ў красавіку 2010 у Польшчы разбіўся самалёт з прэзідэнтам Лехам Качынскім, кіраванне краінай пераняў маршалак Сойма Браніслаў Камароўскі.

Фармальна ў Беларусі спікер верхняй палаты парламента з’яўляецца трэцяй у краіне асобай. Саветам рэспублікі цяпер кіруе 72-гадовы Анатоль Рубінаў.

Большую частку свайго жыцця Рубінаў адпрацаваў у навуцы. Ужо ў лукашэнкаўскі час ён быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Рубінаў вядомы сваімі радыкальнымі, ледзь не сталінісцкімі поглядамі.

Спікерам савета рэспублікі ён стаў летась, пасля пераводу Барыса Батуры ў старшыні Мінскага аблвыканкама. Для Рубінава месца ў парламенце — гэта сінекура. Праца, што не прыносіць турбот, але за якую мае грошы і прывілеі.

Аналагічна можна разглядаць і спікера палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанку. Для яго месца ў парламенце таксама было ўзнагародай за верную службу ў Віцебскай вобласці.

Фармальна, Рубінаў і Андрэйчанка — гэта кіраўнікі органаў заканадаўчай улады ў краіне. Тым не менш, парламент ніколі не ўстае на шляху прапановаў прэзідэнта ці ўрада.

Калі гаварыць пра судовую ўладу, то яна знаходзіцца ў руках старшыні Канстытуцыйнага суда Пятра Міклашэвіча. Сёння роля гэтага ўраджэнца Вілейшчыны зусім не заўважная, але можа непараўнальна вырасці ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.

Віктар Лукашэнка

Старэйшы сын Лукашэнкі займае сціплую пасаду памочніка кіраўніка дзяржавы па бяспецы. Але гэта значыць, што менавіта да яго сцякаецца ўся інфармацыя пра ўсіх і ўсё.

Ужо забылася супрацьстаянне КДБ і міліцыі за часамі Шэймана. Абедзве структуры цяпер у падначаленні Віктара Лукашэнкі. Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Аператыўна-аналітычны цэнтр, Памежны камітэт таксама ўзначальваюць людзі, блізкія да Віктара.

Фактычна,

са згоды бацькі Віктар Лукашэнка сканцэнтраваў у сваіх руках уладу над асноўнымі сілавымі ведамствамі краіны.

Уладзімір Макей

Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі — кіраўнік ягонай адміністрацыі. Макей мае ўплыў на прыняцце рашэнняў, Лукашэнка яму давярае.

Разведчык Макей валодае ангельскай і нямецкай мовамі. Яму належыць роля камунікатара з Захадам.

Усе, хто быў знаёмы з Макеем, адзначаюць ягоны розум і хітрасць, якімі ён і дабіўся такога становішча. Менавіта Макея называлі аўтарам палітыкі «лібералізацыі», што была ў краіне ў 2008—2010.

Жадобін і Зайцаў

У пераломныя гістарычныя моманты ўладу ў краіне нярэдка бярэ войска.
Далёка за прыкладам хадзіць не патрэбна.

Пасля рэвалюцыі ў Егіпце, калі ад прэзідэнцтва быў адхілены Мубарак, уладу ў краіне ўзяла Найвышэйшая рада Узброеных сілаў на чале з міністрам абароны Хусэйнам Тантаві.

У беларускім грамадстве войска не мае такога аўтарытэту і прэстыжу, як у арабскіх краінах. Лукашэнка таксама перасцерагаецца, ставячы на пасаду міністра абароны не самых яркіх асобаў.

Цяпер міністрам з’яўляецца Юрый Жадобін, які не можа мець ніякіх палітычных амбіцый, бо нарадзіўся не ў Беларусі. Раней быў Леанід Мальцаў, аўтарытэт якога некалі знішчыў Лукашэнка: публічна абвінаваціў у п’янстве і выгнаў з працы.

Затое

прэстыжам і ўладай карыстаецца Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
Яго кіраўнік Вадзім Зайцаў не даваў падставаў засумнявацца ў сваёй лаяльнасці. За гэта
КДБ атрымлівае ледзьве не неабмежаваныя паўнамоцтвы, пра што сведчыць новы закон «Аб органах дзяржбяспекі». Зрэшты, Зайцаў, як і міністр унутраных справаў Куляшоў, таксама родам не з Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?