— Усе нашыя ўдзельнікі — аматары, таму не судзіце іх, калі ласка, строга. Трэба гучна пляскаць і смяяцца. Калі раптам не ведаеце, дзе смяяцца, то там стаіць хлопец з плакатам. А цяпер паспрабуем. Уявіце, што на сцэне была феерыя — пляскаем, крычым, а галёрцы так спадабалася, што нават захацелася ўстаць. Праз пятнаццаць хвілін пачынаем.

Рэжысёр сыходзіць са сцэны, ягоны намеснік просіць усіх глядзець проста на сцэну цягам 20 секунд — падчас мантажу такія кадры знайсці цяжэй за ўсё.

Беларускае тэлебачанне ўзбагацілася народнай гумарыстычнай праграмай «Фактар смеху».
Відаць, каб не паказваць расійскія гумарыстычныя шоу, падчас якіх смешныя моманты ловіш толькі праз смех за кадрам. Спецыфіка «Фактару смеху»: усе ўдзельнікі — не прафесійныя артысты. Прынамсі, адбіралі іх па ўсёй Беларусі праз заяўкі, якія кожны ахвотны мог падаць на АНТ.
Вядзе перадачу Яўген Булка.

АНТ, як і іншыя каналы, ніколі не здымае адно шоу за раз — за два дні ў Тэатры музкамедыі будзе зроблена пяць выпускаў. Масоўцы, якая складаецца з моладзі, можна ў пэўным сэнсе паспачуваць — вытрымаць столькі гадзінаў шоу, тым больш спецыфічна-гумарыстычнага, могуць толькі адданыя прыхільнікі тэлебачання.

Прозвішча як залог поспеху

У кожнай праграме ўдзельнічае дзесяць канкурсантаў, журы ў канцы абірае пераможцу. Узрост не лімітаваны — у першым выпуску планка вар’юецца ад 9 да 74 гадоў. Асобная задача аператараў — рассадзіць гледачоў так, каб у карцінку не трапілі пустыя месцы. Таму ніжні партэр атрымаўся запоўнены цалкам, верхні — напалову. Правая частка — пустая, над запоўненай левай лётае камера з кранам, якая кожны раз пагражае прызямліцца на галовы гледачоў у 17-м шэрагу.

Удзельнікі былі розныя, але вобразы іх нагадвалі «класічныя» камбінацыі, характэрныя для гумарыстычнага бізнэсу. Дуэт «спакойнага і нервовага» мужчынаў, якія чакаюць звестак у калідоры радзільнага дома, нагадвае пэўныя моманты пра Карцава і Ільчанку. Былі і нумары а-ля КВЗ, быў народны куплетыст і паэт, які піша вершы паводле анекдотаў.

— Зараз перад вамі выступіць Яна Лука!
— кажа вядоўца, і ў зале адразу раздаюцца авацыі, прычым гучаць яны больш шчыра за папярэднія. Вучаніца шостага класа, што выступае з маналогам, выклікае захапленне ў гледачоў і журы не ў апошнюю чаргу праз прозвішча. На развітанне
журы рэкамендуе ёй на будучыню ўзяць псеўданім.

Падчас перапынку паміж выступамі Вадзім Галыгін, які сядзіць у журы, выказвае меркаванне, што праграму можна было б скараціць. «Выступае Яна Лука» — і ўсё, канец праграмы. Цікава, ці трапяць у канчатковы эфір ягоныя жарты кшталту:

«Я б выйшаў да вас чацвёртым на сцэну, але вы ж ведаеце, у нас болей за трох збірацца цяпер нельга».
Калі камеры адключаліся на кароткія перапынкі, жарты вядоўцы і сяброў журы рабіліся больш разняволенымі. Гледачы з задніх шэрагаў каментавалі любое двухсэнсоўнае выказванне са сцэны. У аднаго з артыстаў на падтанцоўцы выступалі дзяўчаты ў форме спецназа, і паколькі без іх нумар не глядзеўся б увогуле, журы ў канцы запрасіла іх вярнуцца на сцэну.
«Вы што, яны даўно на Кастрычніцкай», — выразна прагучала з залы.

Карлсан, які жыве ў калгасе

Беларускамоўны нумар з дзесяці быў толькі адзін — народны куплетыст з Чэрвеня, які пад гармонік спяваў прыпеўкі, траціна з якіх, праўда, была прысвечаная канкрэтным жыхарам ягонага раёна, таму вымагала дадатковага тлумачэння.

Былі куплеты пра рост цэнаў і пра тое, што ў хаце мусіць быць гаспадар,
але ў апошнім выпадку меўся на ўвазе нехта са знаёмых выступоўцы. У дыялогу з журы, з якім куплетыст размаўляў па-беларуску, з’явілася непаразуменне — зблыталіся словы «спыталіся» і «смяяліся». Дарэчы, ніхто з «мэтраў» на беларускую ў дыялогу не перайшоў.

Але сатыра на шоу прабралася з нечаканага боку. Артыст, апрануты Карлсанам, раптоўна пачаў жартаваць пра беларускія рэаліі — вось Карлсан пераехаў у Беларусь, дзе мусіць фарбаваць дрэвы ў белы колер знізу, пасля трапляе ў калгас (бо куды яшчэ), жаліцца на адсутнасць валюты, просіць дасылаць яму са Швецыі еўра і скардзіцца, што «95-е варэнне» каштуе ажно 5800 за літр.

«Нейкі апазіцыянер ваш Карлсан, — прамаўляе нехта з журы. — Куды ён у вас такі ў выніку прыляціць?»
Аднак менавіта гэты нумар прызнаецца найлепшым у праграме — усё ж такі «вострыя» жарты заўжды выглядаюць лепей, тым больш калі яны адзіныя ва ўсёй перадачы.

Абвяшчаецца перапынак, масоўка ідзе курыць і есці, адзін з адміністратараў грозна заклікае «пакінуць на месцы балонікі, балонікі ў зале павінны застацца». Гледачы выглядаюць не столькі вясёлымі, колькі стомленымі — у дадатак, у зале спякотна, хутчэй за ўсё ад шматлікіх сафітаў.

Па выніках можна сказаць, што ў Беларусі хутка з’явіцца гумарыстычнае шоу, падобнае да тых, якія робяцца ў Расіі, толькі самадзейнае.

Аднак узровень, на якім працуюць зоркі расійскага гумару, апошнім часам такі, што нашыя аматары на іх фоне глядзяцца не горш.
Пры гэтым ніякай нацыянальнай спецыфікі «Фактар смеху» не мае, чаго, праўда, ад яго ніхто і не чакаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?