Больш здымкаў глядзі TUT.

І.В. Воўк-Левановіч нарадзіўся ў вёсцы Копча Свіслацкай воласці Бабруйскага павета (цяпер Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. У аўтабіяграфіі Воўк-Левановіч пісаў, што ў 10 год бацькі ўладкавалі яго ў Бабруйскую гімназію таму, што замужняя сястра, якая жыла ў горадзе, змагла даць яму бясплатную кватэру і харчаванне. За выдатныя поспехі ў вучобе быў вызвалены ад аплаты. У 1911 годзе скончыў гімназію з сярэбраным медалём.

У тым жа годзе Воўк-Левановіч паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. Падчас вучобы наведваў семінары акадэміка А. Шахматава, прафесара І. Бадуэна дэ Куртэнэ, слухаў лекцыі па стараславянскай мове, гісторыі і дыялекталогіі рускай мовы акадэміка Я. Карскага. На жыццё зарабляў прыватнымі ўрокамі.

Першая сусветная вайна на доўгія гады спыніла вучобу юнака. У 1914 годзе, скончыўшы тры курсы ўніверсітэта, ён па ўласным жаданні пайшоў на фронт. З 1914 па 1918 г. служыў у арміі. У 1918 годзе пасля некалькіх раненняў і цяжкой хваробы быў прызнаны непрыдатным да далейшай вайсковай службы і вярнуўся да бацькоў. Амаль два гады выкладаў рускую і лацінскую мовы ў Бабруйскай прыватнай гімназіі Гадыцкага-Цвіркі і Клецкай грамадскай гімназіі.

З 1920 па 1922 год служыў у Чырвонай Арміі, апошні год службы быў штатным выкладчыкам рускай мовы на 81-х Мінскіх камандных курсах. Толькі праз восем гадоў, ўвосень 1922 года, Воўк-Левановіч нарэшце змог узнавіць вучобу ва ўніверсітэце і ў маі 1923 года атрымаў дыплом аб яго заканчэнні. Як таленавітаму і перспектыўнаму выпускніку яму прапаноўваюць месца выкладчыка на кафедры рускай мовы, але Воўк-Левановіч адмаўляецца і вяртаецца на радзіму.

Працуе ў Мінску выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў польскім і яўрэйскім педагагічным тэхнікумах. У 1924 годзе яго залічаюць асістэнтам на кафедру гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а праз тры гады Воўк-Левановіч атрымлівае званне дацэнта.

Пэўнныя выкладчыцкія здольнасці ў спалучэнні з шырокай эрудыцыяй вылучалі яго сярод выкладчыкаў. Універсітэцкія курсы Воўка-Левановіча па гісторыі беларускай мовы, рускай мовы, мовазнаўчыя семінары заўсёды выклікалі вялікую цікавасць сярод студэнтаў.

Але Воўк-Левановіч не абмяжоўваўся толькі выкладчыцкай дзейнасцю. У ім арганічна спалучаліся і педагог, і навуковец. Галоўнымі аб’ектамі яго навуковых даследванняў былі гісторыя беларускай мовы і беларуская дыялекталогія. У 1925 годзе вучоны друкуе сваю першую навуковую працу «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай міфалогіі», а ў 1926 годзе выйшаў з друку яго гісторыка-дыялекталагічны нарыс «Беларускае аканне».

Як вынік вывучэння мовы скарынаўскіх выданняў з’явіўся артыкул, падрыхтаваны да 400-годдзя беларускага друку, «Мова выданняў Францішка Скарыны» (1925).

У 1927 годзе вучоны выдаў на ўласныя сродкі літаграфічным спосабам «Лекцыі па гісторыі беларускай мовы», якія былі зацвержаны Народным камісарыятам асветы БССР як вучэбны дапаможнік (перавыдадзены ў Мінску ў 1994 годзе).

У тым жа 1927 годзе пры Інстытуце беларускай культуры была створана камісія па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы, Воўк-Левановіч быў прызначаны яе навуковым сакратаром. На чарговым пасяджэнні камісіі ён выступіў з дакладам «Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы». Многімі палажэннямі даклада пазней як сваеасаблівай інструкцыяй карысталіся навукоўцы ў працы над слоўнікам.

На працягу 1928–1930-х гадоў выходзяць з друку такія даследаванні І.В. Воўка-Левановіча, як «Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак», «Важнейшие черты в консонантизме деревни Татарковичи Бобруйского округа», «Ещё к вопросу о “ляшских” чертах в белорусской фонетике» і інш.

Выступленне вучонага ў 1929 годзе ў Акадэміі навук БССР з дакладам «Пра некаторыя важнейшыя недахопы беларускай літаратурнай мовы» было неадназначна сустрэта ў навуковым асяроддзі, вызвала шырокую дыскуссію сярод мовазнаўцаў, якія лічылі многія палажэнні даклада памылковымі, а самога вучонага абвінавачвалі нават у неэтычных паводзінах.

У склаўшыхся абставінах у 1930 годзе Воўк-Левановіч быў вымушаны пераехаць у Саратаў. Там выкладаў ва ўніверсітэце, займаўся навуковай працай па агульным мовазнаўстве і рускай мове.

У 1934 годзе Воўк-Левановіч быў арыштаваны, але неўзабаве вызвалены, пасля чаго пераехаў у Арэнбург, дзе загадваў кафедрай рускай мовы і літаратуры ў Педагагічным інстытуце. У верасні 1937 года вучоны быў ізноў арыштаваны і сасланы ў лагер на Поўнач. Там, 19 жніўня 1943 года, абарвалося жыццё адного са шматлікіх безпадстаўна абвінавачаных прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі.

Рукапісны архіў Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі пад № 34 і складаецца з 171 адзінкі захавання. Матэрыялы падрыхтавалi Т. Жук, М. Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?