Пытанне дарагіх душа і ванны ўсё часцей набывае не эканамічнае, а палітычнае адценне.

Нагадаем, у кастрычніку 2009 года венесуэльскі лідар Уга Чавэс заклікаў жыхароў сваёй краіны мыцца за тры хвіліны і забыцца пра джакузі.
«Многія, напрыклад, уключаюць душ і чакаюць пакуль вада нагрэецца, а потым доўга мыюцца і нават спяваюць пры гэтым, — абурана вяшчаў ён. — Душ па раніцах трэба прымаць на працягу трох хвілін: адна, каб абліцца вадой, другая, каб намыліцца, трэцяя, каб змыць мыла». Галоўнае, маўляў, што
праз тры хвіліны душа чалавек больш не пахне непрыемна!
Як перадавалі сусветныя СМІ, заклікалі да ашчаджэння і ўлады Бразіліі. Маштабная рэкламная кампанія заклікала спраўляюць патрэбу падчас памыўкі ў душы…

Беларусы смяяліся-смяяліся з лацінаамерыканцаў — і дачакаліся каштоўных парад ад айчынных чыноўнікаў.

«Мы вызначым той мінімум паслуг, які будзе дазваляць чалавеку жыць камфортна і спажываць камунальныя паслугі ў дастатковай колькасці.

А хто захоча прымаць па пяць разоў ванну за суткі, той павінен плаціць больш.
Гэта будзе справядліва, — заявіў ў красавіку віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін. «Той, хто хоча мыцца часцей, павінен за гэта плаціць, а не дзяржава», — падтрымаў яго ў кастрычніку іншы віцэ-прэм’ер, Сяргей Румас.

Словы чыноўнікаў выклікалі абурэнне беларусаў, бо прымусілі

рабіць уяўны выбар, быць чыстым і бедным ці брудным і багатым.
Варта разабрацца, ці насамрэч пытанне ванны істотна б’е па сямейным бюджэце? Іншымі словамі,
колькі каштуе прыняць ванну па-таннаму і па-дарагому.

Нагадаем тарыфы. Першыя 4,2 кубаметра ў месяц каштуюць па 890 рублёў за кубаметр, а астатнія — па 2545,9 рубля. Атрымліваецца, што за танны літр вады давядзецца заплаціць 0,89 рубля. За дарагі — 2,55 рубля.

У сярэднестатыстычную ванну можа змясціцца 240 літраў вады, каб не было пераліву. Калі пасадзіць туды чалавека, вальецца менш. Бярэм па максімум — няхай спатрэбіцца 200 літраў. Узгадаем, што перад наборам вады давядзецца апаласнуць ванну і паўтарыць гэтую працэдуру пасля мыцця. Шмат хто, выходзячы з ванны, яшчэ абліваюцца прахладным душам. Але

ў любым выпадку спажыць больш за 250 літраў будзе цяжка.

Самае складанае пытанне — разлічыць, колькі будзе каштаваць падагрэў вады. Шляхам эксперыментаў, набраўшы «ідэальную» ванну, высвятляем, што па лічыльніку ўцякло 130 літраў гарачай і 80 літраў халоднай вады.

Для падагрэву 0,13 кубаметра гарачай вады спатрэбілася 0,0075 Гкал. Згодна з новымі тарыфамі, 1 Гкал каштуе 53 773 рублі. Гэта значыцца, на падагрэў вады для ванны мы патрацілі 403 рублі. Больш, чым на саму ваду…

Падсумуем.

Калі лічыць ваду па танным тарыфе, агулам мы патрацілі на мыццё 590 рублёў. Па дарагім — 940 рублёў.

Для параўнання, адна бульбіна каштуе каля 150 рублёў, луста «Нарачанскага» хлеба — 300 рублёў, шклянка малака — 600 рублёў. Але ці каштуюць яны расслабляльнай цёплай ванны пасля працоўнага дня?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?