8 лістапада афіцыйна ўваходзіць у строй першая нітка еўрапейска-расійскага трубаправода Nord Stream, пракладзенага па дне Балтыйскага мора.

Урачыстая цырымонія запуску з удзелам канцлера ФРГ Ангелы Меркель і прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева адбудзецца ў мястэчку Любмін каля горада Грайфсвальд, размешчанага на балтыйскім узбярэжжы былой ГДР, паведамляе Deutsche Welle. «Мы чакаем прыкладна 400 гасцей і каля 100 журналістаў з самых розных краін», — паведаміў 7 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Берліне прэс-сакратар кампаніі Nord Stream Енс Мюлер.

Расійскі прыродны газ заўсёды паступаў да еўрапейскіх спажыўцоў па двух транспартных калідорах, што праходзяць цераз тэрыторыі Беларусі і Украіны.

Цераз Украіну ў Еўропу паступае да 120 млрд. кубаметраў газу ў год, цераз Беларусь — каля 45 млрд.

Новы энергетычны транспартны калідор, мяркуюць у ААТ «Газпром», не толькі дазволіць павялічыць аб’ёмы экспартнага продажу, але і практычна звядзе на нішто пагрозу перабояў у пастаўках у выпадку транзітных канфліктаў.

6 верасня, падчас цырымоніі запуску першай ніткі Nord Stream у тэставым рэжыме, прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін падкрэсліў: «Мы паступова, спакойна, без усякіх рыўкоў, адыходзім ад дыктату транзітных дзяржаў. Вось гэта і ёсць „акно ў Еўропу“ ў энергетыцы».

Магутнасць першай ніткі Nord Stream складае 27,5 млрд. кубаметраў газу штогод. Запуск праз некалькі гадоў другой ніткі газаправода павялічыць яго прапускную здольнасць да 55 млрд. кубаметраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?