Міністэрства эканомікі чакае далейшую дэвальвацыю беларускага рубля (да ўзроўню 22.000 рублёў за долар) у выпадку захавання высокіх аб`ёмаў эмісійнага крэдытавання эканомікі. Пра гэта заявіў намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка, выступаючы 8 лістапада на пасяджэнні Савета міністраў.

Паводле яго слоў, запыты рэальнага сектара эканомікі ў рэсурсах на наступны год вельмі высокія. «Каб прафінансаваць усе заяўкі, спатрэбіцца эмісія ў памеры 30 трлн. рублёў», — сказаў Ярашэнка.

Ён падкрэсліў, што рэалізацыя інерцыйнага сцэнарыя, заснаванага на высокіх аб`ёмах эмісіі, прывядзе да далейшай дэвальвацыі рубля і росту цэн.

«Курс можа пайсці за 20 тыс. рублёў за долар», — растлумачыў Ярашэнка. У прэзентацыі намесніка міністра была ўказана лічба 22 тыс. рублёў за долар як вынік высокага эмісійнага фінансавання эканомікі.

З мэтай недапушчэння далейшай дэвальвацыі беларускага рубля міністэрства прапануе ў разы скараціць эмісійнае фінансаванне дзяржпраграм.

Мінэканомікі прапаноўвае ўстанавіць фінансаванне дзяржпраграм на 2012 год у памеры 12 трлн. рублёў. Пры гэтым, як растлумачыў Ярашэнка, 7 трлн. рублёў з указанай сумы будуць эмісійнымі, яшчэ 5 трлн. рублёў плануецца прыцягнуць за кошт вяртання раней выдадзеных крэдытаў.

Паводле ацэнак Мінэканомікі, 12 трлн. рублёў будуць эквівалентныя 2,4% ВУП. Між тым у 2010 годзе аб`ём фінансавання дзяржпраграм склаў 8,4% ВУП, у 2011-м годзе — 8% ВУП.

Аднак пры базавым макрапрагнозе абменны курс рубля на канец 2012 года складзе 9 700 за $1.
Дадзены прагноз курсу заснаваны на веры, што эмісійнае крэдытаванне дзяржпраграм у наступным годзе складзе 7 трлн рублёў, прырост ВУП - 1,5%, інфляцыя не перавысіць 19%,
а прырост рэальных даходаў насельніцтва складзе не больш 0,5%.

У якасці альтэрнатывы Мінэканомікі прапануе варыянт, які забяспечвае бяспечны ўзровень інфляцыі, гэта значыць, па ацэнцы ведамства, не больш за 12%.

Пры гэтым улады павінны адмовіцца ад эмісійнага крэдытавання, але ВУП, у сувязі з гэтым, знізіцца на 5%, а рэальныя даходы насельніцтва - на 4%. Абменны курс на канец 2012 г. пры такім сцэнары складзе 9 300 за $1.

У выпадку, калі інфляцыя ў 2012 годзе складзе 25%, абменны курс да канца 2012 г. склалася на ўзроўні 11 200. за $1, сведчаць разлікі Мінэканомікі, дадае Інтэрфакс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?