Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 8 лістапада на пасяджэнні Саўміна.

Кіраўнік урада лічыць, што ў існуючых умовах неабходна стрымліваць адток кваліфікаваных кадраў. «Мы занепакоены міграцыяй, гэта праблема няпростая, і вырашаць яе трэба з улікам таго, што акрамя зарплаты ёсць і іншыя стымулы для стрымлівання выезду спецыялістаў у іншыя краіны. У першую чаргу, будаўніцтва жылля», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Кіраўнік урада адзначыў, што ёсць праблемы адтоку кадраў у будаўнічай галіне, машынабудаванні і па шэрагу іншых дэфіцытных спецыяльнасцей, калі легальнымі і не вельмі легальнымі метадамі перавабліваюць кадры ў іншыя дзяржавы.

Разам з тым, дадаў ён, гэты працэс ахоплівае ўвесь свет. Сёння аб’яднаная Еўропа вельмі занепакоена міграцыяй кадраў у ЗША. У Расіі назіраецца не толькі адток кадраў, але і вываз капіталу.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў: ва ўмовах адсутнасці ўсіх відаў межаў з партнёрамі па Адзінай эканамічнай прасторы ідзе працэс збліжэння цэн, але і даходы грамадзян краін, якія ўваходзяць у АЭП, таксама павінны збліжацца. «Вядома, нам гэта будзе складана зрабіць, — прызнаў прэм’ер-міністр. — Тут патрэбны выбарачны падыход па тых катэгорыях, якія могуць найбольш хутка «стаць на крыло».

Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка дадаў, што адток высокакваліфікаваных кадраў можа набыць характар канца 90-х гадоў, калі зарплата была ніжэйшая за 100 долараў і кваліфікаваная рабочая сіла перацякала ў бліжэйшыя краіны, дзе заработная плата была значна вышэйшая. Прадстаўнік Мінэканомікі дадаў, што паколькі такая пагроза існуе, то асаблівая ўвага ўдзяляецца стварэнню высокапрадукцыйных рабочых месц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?