Пытанне аб пераносе даты парламенцкіх выбараў на больш ранні тэрмін не абмяркоўвалася ні ў парламенце, ні ў Цэнтрвыбаркаме.

Нагадаем, 9 лістапада расійская газета «КоммерсантЪ» са спасылкай не неназваныя крыніцы ў беларускім парламенце паведаміла, што парламенцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі, плануецца перанесці з восені будучага года на красавік.

Як паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, пытанне аб пераносе даты выбараў у парламенце не абмяркоўвалася, і ніякіх ініцыятыў адносна гэтага парламентарыям не паступала.

Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік заявіў БелаПАН, што ў ЦВК Беларусі такіх ініцыятыў таксама не ўносілася.

«Выбары ў Беларусі прызначае прэзідэнт. Яны павінны прайсці ў тэрміны, вызначаныя Канстытуцыяй. 18 кастрычніка маючая адбыцца выбарчая кампанія абмяркоўвалася на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай. Там было вызначана, што выбары ў парламент пройдуць прыкладна ў сярэдзіне верасня 2012 года, не пазней за 26 верасня. Больш ніякіх установак мы ні ад прэзідэнта, ні ад парламента не атрымлівалі», — заявіў Лазавік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?