Падатак за здачу жылля ў наём прапануецца з 2012 года сур’ёзна павялічыць. Вакол прапановы на пасяджэнні Савета міністраў у аўторак разгарнулася дыскусія. З аднаго боку, падатак можа стаць дадатковым цяжарам для арандатараў, сярод якіх нямала прадстаўнікоў не самых багатых катэгорый насельніцтва, маладых сем’яў, студэнтаў. З іншага — уладальнікі кватэр, якія здаюць сваё жыллё ў арэнду, атрымліваюць прыстойны прыбытак, прычым часта ў валюце, і ім цалкам па сілах падзяліцца з бюджэтам.

Па Ммнску прапанаваная сума падатку складае ад 75 тысяч да 300 тысяч рублёў у месяц кожны пакой, які здаецца У Брэсце за пакой у месяц прапануецца заплаціць падатак у памеры ад 30 да 150 тысяч, у Віцебску — ад 45 тысяч рублёў.

Удзельнікі пасяджэння засумняваліся ў абгрунтаванасці новых ставак, выказаўшы здагадку, што неабходнасць плаціць за здачу ў арэнду трохпакаёвай кватэры падатак у памеры да 900 тысяч рублёў можа загнаць гэты бізнэс у цень.

«На мой погляд, гэты бізнэс і так увесь у цені»,
— парыраваў міністр фінансаў Андрэй Харкавец. Ён прызнаў, што тэма далікатная, і намацаць баланс вельмі складана, паабяцаўшы папрацаваць над дадатковым абгрунтаваннем павелічэння падатку.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька прапанову Мінфіна падтрымаў, адзначыўшы, што кошт арэнды кватэры ў Мінску дасягае 1000 даляраў у месяц (абуладкаваная кватэра з мэбляй ў цэнтральнай частцы горада плошчай да 100 кв м). «900 тысяч рублёў падатку — гэта 100 даляраў. Сёння таксама градацыя ёсць, і калі прывязвацца да курсу даляра, то фактычна для большасці ўладальнікаў жылля гэта тыя ж выдаткі», — дадаў Ладуцька, растлумачыўшы, што максімальная стаўка будзе распаўсюджвацца на невялікую колькасць дарагіх кватэр у цэнтры. Паводле яго слоў, падатак за пакой у шараговай кватэры ў панэльным доме будзе каля 100 тыс рублёў (супраць 35 тысяч сёлета), што ў даляравым эквіваленце не вышэй за ўзровень пачатку года.

Яму нагадалі, што заробкі і стыпендыі ў Беларусі выплачваюцца не ў далярах. Падобна на тое, дыскусія будзе працягнутая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?