Сёння ўплывовая польская газета «Gazeta Wyborcza» апублікавала артыкул лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандра Мілінкевіча «Дыялог з Еўропай гэта манеўр Лукашэнкі». Прапаноўваем Вашай увазе гэты тэкст:

У Еўропе некаторыя палітыкі мараць, распрацоўваюць і агучваюць новы падыход да Беларусі: «больш хітраваты» і «больш рэалістычны»: Захад перастае спрабаваць ізаляваць Лукашэнку і прапаноўвае яму замест гэтага здзелку. Фактычна размова можа ісці пра тое, каб пакінуць Лукашэнку ва ўладзе, але ўжо ў якасці саюзніка Захада, а не Крамля. Такі своеасаблівы Азербайджан на ўсходняй мяжы ЕС.

У Еўропе падлічылі, што могуць сабе дазволіць на такую «больш хітраватую» гульню, бо прытрымліваюцца меркавання, што пазіцыі Лукашэнкі крытычна пахіснуліся. Маўляў, Лукашэнка загнаны ў тупік і стаіць перад выбарам: паглыбленне эканамічнага крызісу і ў выніку згода на статус марыянеткі Крамля, ці нават страта Беларуссю незалежнасці; альбо палітычны дыялог з Захадам, пэўныя вымушаныя крокі ў накірунку дэмакратызацыі краіны і ў выніку падтрымка з боку Еўропы па нейтралізацыі ціску з боку Расіі.

Беларусам няма сэнсу цешыцца ілюзіямі – Еўропа зацікаўленая ў пабудове такога фармату стасункаў з афіцыйным Мінскам, які б забяспечваў яе, Еўропы, інтарэсы – гэта і барацьба з нелегальнай міграцыяй, наркатрафікам, і, перш за ўсё, інтарэсы ў няспынным функцыянаванні беларускага транзітнага карыдору. Так сталася, што сёння ў Мінску для Еўропы зышліся разам беларускае пытанне і энергетычная бяспека, камфортнае жыццё еўрапейцаў, іх дабрабыт. Гарантыі ўсяго гэтага некаторыя еўрапейскія палітыкі здольныя бачыць нават у дыктатары Лукашэнку, але ў стабільным і падкантрольным. Забываючы толькі, што не бывае стабільных дыктатараў. Дыктатары з прыроды сваёй не могуць быць надзейнымі партнёрамі.

Лукашэнка са свайго боку прыкладае намаганні, каб падштурхнуць Захад да крокаў насустрач яго дыктатуры. Лукашэнка выкарыстоўвае ціск з боку Расіі дзеля таго, каб палохаць Захад перспектывай пашырэння мяжы Расіі да Брэста. Гэта азначае пашырэнне і расійскай ваеннай інфраструктуры. А таксама, азначае адпаведныя змены у самой Расіі, якія не абавязкова будуць выгадныя Захаду. Лукашэнка імкнецца стварыць і пашырыць на Захадзе меркаванне, што яго рэжым – «меншае зло за Расію да Брэста». Паводле ягонай логіцы, Захад павінен прызнаць яго легітымным партнерам і пайсці на актывізацыю палітычных кантактаў, пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва без вылучэння патрабаванняў такіх як вызваленне палітычных вязняў і ўвогуле без напамінаў пра правы чалавека ў нашай краіне. Гэта выразна прагучала ў недаўнім інтэрв’ю Die WELT.

Насамрэч усе гэтыя намёкі Еўропе аб супрацоўніцтве Лукашэнку патрэбныя толькі дзе захавання рэжыу асабістай улады. Ён вырашае шэраг унутрыпалітычных задач.Імкнецца кансалідаваць кіруючую эліту, якая з уласных эканамічных інтарэсаў зацікаўленая не пусціць у Беларусь ні Расію, ні Захад. Ён набірае балы ў гульні з электаратам, выступаючы ў ролі абаронцы ад расійскіх алігархаў і звязанага з імі Крамля. Ён думае пра тое, як заляцаючыся да Еўропы, змусіць Расію вярнуцца да былога фармату адносінаў, калі Масква плаціла салідную цану за выкананне Лукашэнкам ролі стратэгічнага саюзніка.

Але ў той час, калі ўвага грамадства прыцягнутая да нафтагазавай эпапеі, узмацняецца жорсткасць палітычнага рэжыму. Працягваюцца рэпрэсіі адносна актывістаў апазіцыйных арганізацыяў, незалежных журналістаў, дзеячоў незалежных прафсаюзаў.

Нараджаецца натуральнае пытанне: а ці не адбярэ беларускае грамадства, яго прадэмакратычная частка, у тым ліку, тыя людзі, якіх білі і б’юць, кідалі і кідаюць у турмы, якія страцілі сваіх родных, гэты «больш хітраваты» і «больш рэалістычны» падыход, як здраду? Адказ – адзназначны.

У гэтай сітуацыі для Еўропы, і ў першую чаргу для нашай суседкі – Польшчы, памылкова меркаваць, што напружаныя адносіны рэжыма Лукашэнкі з Расіяй стануць штуршком да дэмакратызацыі Беларусі. Еўрапейскі саюз павінен, урэшце рэшт, скласці стратэгію дапамогі дэмакратычным зменам у Беларусі, стратэгію супрацоўніцтва з прадэмакратычнай часткай грамадства, якая з’яўляецца адзіным надзейным перпектыўным партнерам для Еўропы.

Пра сур’ёзнасць намераў і ўнутраных магчымасцяў рэжыму Лукашэнкі весці дыялог з Еўропай можна будзе казаць толькі пасля выканання шэрагу ўмоваў. Перш за ўсё, Лукашэнка павінен вызваліць усіх палітычных вязняў. Павінен даць свабоду прэсе і стварыць магчымасці дзеля бесперашкоднага існавання і развіцця палітычных партый. Правесці следства, адхіліць з пасадаў і аддаць пад суд тых, хто датычны да палітычных знікненняў у Беларусі. Спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў апазіцыйных арганізацый. Без выканання гэтых умоваў, любыя саступкі Захада будуць весці толькі да захавання ў цэнтры Еўропы жорсткага аўтарытарнага рэжыму.

Дзеля канкрэтнага дыялогу з Захадам Лукашэнка павінен вырашыцца на змены ў Беларусі, якія пагражаюць не толькі яго асабістым інтарэсам, але і інтарэсам яго найбліжэйшага атачэння. Таму, пакуль Лукашэнка будзе знаходзіцца пры ўладзе ў Беларусі, верагоднасць нармалізацыі стасункаў з Беларуссю абсалютна выключана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?