10 лістапада жыхар Гомеля, пенсіянер МУС Уладзімір Няпомняшчых звярнуўся з заявай да старшыні Гомельскага аблвыканкама, генерал-маёра, генерал-губернатара Уладзіміра Дворніка з просьбай залічыць яго ў тэрытарыяльныя войскі.

Як паведаміў БелаПАН заяўнік, у сваім звароце ён цытуе прэзідэнта Беларусі і на падставе слоў кіраўніка дзяржавы просіць прадаставіць яму магчымасць удзельнічаць у абароне тэрыторыі Беларусі.

«Я слухаў палымяную прамову прэзідэнта аб стварэнні тэрытарыяльных войскаў, вельмі натхніўся ёю, і ўсё прамову заканспектаваў.

Прэзідэнт гаварыў, што, цытую: трэба падрыхтаваць насельніцтва, каб у патрэбны момант узялі хто аўтамат, хто кулямёт, прыйдзецца ваяваць, мы, мужыкі, павінны абараняць свой дом, трэба памерці, значыць, памрэм першымі. Я гатовы служыць нават радавым. Я раней быў прадпрымальнікам, дакладней, „ушывай блыхой“, сабраў капітал, які захоўваю ў „Беларусбанку“, і, як гаварыў прэзідэнт, мне ёсць што губляць.

Канешне, паміраць першым я не маю намеру, ёсць больш дастойныя», — піша ў заяве пенсіянер МУС.

У звароце ён таксама выказвае гатоўнасць узяць у рукі зброю і просіць выдаць яму снайперскую вінтоўку, «а лепш гранатамёт».

«І паверце, яны ніколі сюды не сунуцца: ніякія казлы, адмарозкі, пятая калона. Колькі ўжо можна здзекавацца са шматпакутнага беларускага народа? А то, глядзі, як расперазаліся

— разарвалі ўжывую лепшага сябра беларускага народа Муамара Кадафі. У стабільнай квітнеючай Беларусі мы такога не дапусцім», — запэўнівае кіраўніка вобласці Няпомняшчых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?