Адзін з найстарэйшых беларускіх рэп-гуртоў -- «Нестандартны варыянт» -- паведаміў пра сканчэнне музычнай дзейнасці.

Як патлумачыў «Тузіну Гітоў» адзін з заснавальнікаў каманды Зміцер «Міх» Міхневіч, такое рашэнне было справай не аднаго дня, яно абдумана і ўзважана: «Фактычна мы не працавалі над новымі трэкамі ўжо некалькі гадоў, а толькі працягвалі канцэртную дзейнасць. Пра прычыны гэтага цяжка сказаць адназначна. Магу вылучыць некаторыя з іх. Гэта найперш узрост і неактуальнасць нашай музыкі, асабістыя ўзаемаадносіны, праблемы са здароўем, цяжкасці сумяшчэння асноўнай працы і музыкі, сям’я...».

На думку рэпера, за апошнія 10 год хіп-хоп вельмі змяніўся: «Гэта музыка стала больш якаснай і высокатэхнічнай,

але ў той жа час я не магу прыняць сучасны хіп-хоп, бо ён стаў грубым, злым і несапраўдным.
Такой моды мы прытрымлівацца не можам. На сёння наша музыка неактуальная». Міх зазначае, што застаецца побач з музыкай і не выключае, што пры пэўных умовах каманда можа адрадзіцца.

У астатнім ён просіць выказаць словы падзякі ўсім слухачам і сябрам «Нестанды» -- «за любоў, трыванне і доўгі шлях, які прайшлі разам».

***

    «Нестандартны варыянт» пачаў сваю працу яшчэ ўвосень 1998 г. у Барысаве, і ўжо у 1999 г. на фэсце «Хіп-Хоп Нацыя» гурт атрымаў перамогу ў намінацыі «Лепшая маладая рэп-група». У 2000 г. прызнаны найлепшым рэп-гуртом Беларусі. У 2002 г. «Нестандартны варыянт» праходзіць конкурсныя адборы і атрымлівае запрашэнне на ўдзел у двух найбуйнейшых рэп-фэстах Расеі і Украіны «Rap Music’2002» і «In Da House’2002». У 2002 годзе выходзіць серыя з трох складанак беларускага рэпу «Хіп-Хоп Нацыя», на кожным дыску быў прадстаўлены іх трэк. Паступова «Нестандартны варыянт» набываў вядомасьць па-за межамі Беларусі. Трэкі гурта зь Беларусі выходзяць на шматлікіх айчынных, расійскіх, украінскіх і нямецкіх складанках. У 2004 годзе «Нестанда» запісвае свой першы альбом, які займеў назву «Не как Все...». Альбом уваходзіў у дзясятку лідараў продажаў сярод айчынных музыкаў разам з «Ляпісам», N.R.M., Сярогам ды іншымі. Увесну група правяла міні-тур з 10 канцэртаў па буйных гарадах Беларусі ў падтрымку альбома. А пасьля перапынку ў чатыры гады сьвет пабачыў яшчэ адзін альбом гурта — «Еле слышно». «Нестандартны варыянт» зрабіў унёсак і ў разьвіцьцё беларускамоўнага рэпа — былі запісаныя два беларускамоўныя трэкі, якія сталі гітамі. Гурт запісаў сваю інтэрпрэтацыю «Паветранага шару» разам з Лявонам Вольскім і гуртом IQ48. А ў 2009 г. для праекту «Тузін.Перазагрузка» запісаў трэк «У неба».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?