Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра абароны Юрыя Жадобіна.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сістэмная падрыхтоўка тэрытарыяльных войскаў паслужыць добрай падтрымкай для далейшага развіцця ваеннага патэнцыялу дзяржавы, узмоцніць значнасць Узброеных Сіл, якія павінны адыгрываць ключавую ролю ў забеспячэнні бяспекі краіны.

Рэагуючы на заявы і каментарыі нядобразычліўцаў, якія з’явіліся пасля вучэнняў па тэрытарыяльнай абароне і адпаведных заяў афіцыйнага кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што канцэпцыя тэрытарыяльнай абароны распрацоўвалася з 2000 года. «Ужо даўно былі прыняты гэтыя рашэнні, праведзены не адны вучэнні. Нарэшце прачнуліся, пачулі, што Лукашэнка стварае нейкія новыя тэрытарыяльныя войскі, новую армію, — адзначыў ён. — 

Калі я гаварыў аб тым, што мы сапраўды ствараем сёння новую армію, я меў на ўвазе не толькі тэрытарыяльную абарону і тэрытарыяльныя войскі як аснову, самую ніжнюю частку нашага абароннага шчыта, і тое, што будзе функцыянаваць у поўным сваім размаху ў гады вайны, калі, не дай божа, гэта адбудзецца
. Гэта не наша выдумка, мы гэта не прыдумалі. І робіцца гэта для таго, каб менш траціць на рэгулярную армію. Галоўная тут ідэя, якая вынікае з апошняй вайны, з руху супраціўлення ў Беларусі, партызанскай вайны, што мы павінны быць да гэтага гатовы. Каб не атрымалася так, як адбылося ў 1941 годзе: было каму ваяваць, у акружэнне людзі трапілі, але не было зброі».
«Рух супраціўлення, партызанскі рух у Беларусі — гэта неад’емная частка супраціўлення беларускага народа.
І мы сёння павінны насельніцтва да гэтага рыхтаваць, калі раптам гэта здарыцца», — лічыць ён.

Як адзначыў ён, падзеі бягучага года яшчэ раз даказалі, што асобныя звышдзяржавы па-ранейшаму ставяць прынцып ваеннай сілы ў аснову сваёй палітыкі. «Гэта асабліва трывожыць цяпер, на фоне сусветнага фінансавага крызісу. Таму наша задача відавочная — ні ў якой меры не дапусціць зніжэння сваёй ваеннай бяспекі. Сёння ўжо можна гаварыць аб рэзультатыўнасці мер, прынятых у гэтым напрамку», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, гэтыя меры даюць магчымасць якасна рыхтаваць войскі, фарміраваць сучаснае аблічча беларускай арміі. «Не ўсё тут, вядома, гладка, але вырашальна», — упэўнены Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?