Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка 1 лютага даў iнтэрв’ю вядомаму пiсьменнiку, публiцысту, галоўнаму рэдактаму расiйскай федэральнай газеты «Завтра» Аляксандру Праханаву.

Аляксандр Праханаў з’яўляецца аўтарам больш як 30 аповесцяў, раманаў i зборнiкаў публiцыстычных артыкулаў. Узнагароджаны ордэнамi Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Чырвонай Зоркi, лаўрэат прэмii Ленiнскага камсамола, прэмii iмя К. Федзiна. Вядомы як аўтарытэтны грамадскi дзеяч.

У ходзе вельмi шчырай размовы закраналiся пытаннi знешняй палiтыкi Беларусi, узаемаадносiнаў з Расiяй i цэн на энерганосьбiты, супрацоўнiцтва з еўрапейскiмi краiнамi, рэакцыi народаў Беларусi i Расii на так званы нафтагазавы канфлiкт.

На пытанне, якiя перспектывы далейшых беларуска‑расiйскiх адносiнаў на фоне нядаўнiх падзей, Прэзiдэнт заўважыў, што ў цяперашняй сiтуацыi «ўсё залежыць ад расiйскага кiраўнiцтва». Гэта датычыцца i далейшага выбудоўвання адносiнаў у справе будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы. «У Беларусi агеньчык гэты тлее, хоць будзе вельмi няпроста», — ацанiў Аляксандр Лукашэнка перспектывы ў гэтым напрамку супрацоўнiцтва.

Пры гэтым ён нагадаў, што Беларусь у пытаннi саюзнага будаўнiцтва дакладна прытрымлiваецца Дагавора аб стварэннi Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii, дзе вызначаны галоўны прынцып гэтага ўтварэння — раўнапраўе бакоў.

Аляксандр Лукашэнка на канкрэтных фактах паказаў некарэктнасць разлiкаў расiйскага боку, згодна з якiмi беларуская эканомiка быццам бы датуецца Расiяй.

Закранаючы скачок цэн на энерганосьбiты для Беларусi, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Гэта былi прамыя ўказаннi прэзiдэнта Расii. Справа не ў «Газпраме», у гэтым выпадку не ў iм, а ў кiраўнiцтве Расii. Усё пераведзена на бухгалтэрыю. Але бухгалтэрыя — гэта не аднабаковы рахунак, гэта павiнен быць абсалютна аб’ектыўны рахунак». Пры гэтым кiраўнiк дзяржавы ў якасцi толькi аднаго прыкладу нагадаў, што стварэнне паўнацэннай абарончай групоўкi войскаў з усёй неабходнай iнфраструктурай на заходнiм напрамку абышлося б Расii $21 млрд.

Прэзiдэнт Беларусi яшчэ раз пацвердзiў шматвектарны характар знешняй палiтыкi краiны, дзе ёсць месца супрацоўнiцтву не з адной дзяржавай, а з многiмi — i на Усходзе, i на Захадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?