Ён вырашае, ці будзем мы мець посьпех на працы, ці будзем здольныя здаць важны іспыт і нават пра тое, якую мы носім вопратку.

Вядома, што багацьце на зямным шары падзеленае несправядліва. Яго разьмеркаваньне вызначаецца паводле прапорцыі 80/20. Гэты прынцып адкрыў у 1897 г. італьянскі эканаміст і сацыёляг, прафэсар Лязанскага ўнівэрсытэту Вільфрэда Парэта. На падставе статыстычных дадзеных ён аналізаваў даходы людзей у Італіі. Паводле вынікаў яго дасьледаваньня, 20 адсоткаў італьянцаў валодаюць 80 адсоткамі багацьця краіны і наадварот – 80 адсоткаў людзей маюць усяго толькі 20 адсоткаў дабротаў.

З гэтага часу вынайдзеная залежнасьць (якую называюць прынцыпам Парэта альбо прынцыпам 80/20) зрабілася прадметам спрэчак і дыскусіяў многіх эканамістаў. Яны дыскутавалі пра тое, адкуль бярэцца гэткі, а ня іншы падзел прапорцыі і якія чыньнікі яе фармуюць. Напачатку прынцып быў выключна акадэмічна‑эканамічнай цікавосткай. Толькі ў пазьнейшыя гады было адкрытае яго прымяненьне ў многіх іншых сфэрах жыцьця. Было заўважана, што ён апраўдвае сябе ня толькі пры разглядзе падзелу багацьця, але перадусім у аптымальным кіраваньні працай.

Паводле прынцыпу (80/20), на 80 адсоткаў дасягнутых вынікаў затрачваецца толькі 20 адсоткаў працы. Нягледзячы на тое, што гэта можа падавацца спрэчным зь інтуіцыяй, гэта ёсьць статыстычным фактам. Маючы ў распараджэньні абмежаваны час на выкананьне пэўных задачаў, можна больш сьціплымі сродкамі і меншымі высілкамі дасягнуць большых вынікаў, чым калі выкарыстоўваць увесь свой запас сілаў. Таму прынцып 80/20 паўсюдна рэкамэндуюць экспэрты. Рэкамэндуюць яго таксама мільянэры, якім ён дапамог нажыць багацьце. Для тых, хто ведае, што амаль заўсёды 20 адсоткаў прычынаў уплывае на 80 адсоткаў вынікаў, ён зьяўляецца асноўнай дырэктывай, што вырашае пра дасягнутыя посьпехі.

20 адсоткаў супрацоўнікаў у тваёй фірме выконваюць 80 адсоткаў працы. А іншыя 20 адсоткаў супрацоўнікаў ствараюць 80 адсоткаў усіх праблемаў.

Колькі шчасьця ў жыцьці?

Ня верыш статыстычным заканамернасьцям – прыглядзіся да акаляючай рэчаіснасьці. Пасьля глыбокага аналізу непазьбежна заўважыш, што, напрыклад, 20 адсоткаў супрацоўнікаў у тваёй фірме ці прадпрыемстве выконваюць 80 адсоткаў працы. Можа, зьвернеш таксама ўвагу на тое, што іншыя 20 адсоткаў супрацоўнікаў ствараюць 80 адсоткаў усіх праблемаў. Занадта ангажуесься ў сваёй працы — заўваж, што толькі 20 адсоткаў твайго часу працы перакладаецца на 80 адсоткаў дасягнутых табой вынікаў. Зірні таксама на свой гардэроб – убачыш, што 80 адсоткаў часу носіш толькі каля 20 адсоткаў таго, што маеш.

Чарговыя прыклады з штодзённага жыцьця. Прыняцьце на нарадзе каля 80 адсоткаў рашэньняў займае каля 20 адсоткаў часу нарады, 20 адсоткаў палітыкаў адказваюць за 80 адсоткаў рашэньняў (таксама толькі 20 адсоткаў зь іх заўважныя ў мэдыях 80 адсоткаў часу), 20 адсоткаў крымінальных злачынцаў зьдзяйсьняюць 80 адсоткаў злачынстваў, 20 адсоткаў кіроўцаў выклікаюць 80 адсоткаў аварыяў, 20 адсоткаў кліентаў фірмы прыносяць 80 адсоткаў прыбытку з продажаў, 20 адсоткаў лексыкі дастатковыя для чытаньня 80 адсоткаў тэкстаў на замежнай мове, на 20 адсоткаў плошчы дывану прыпадае 80 адсоткаў яго выкарыстаньня, 20 адсоткаў кліентаў гіпэрмаркетаў адказныя за 80 адсоткаў усіх скаргаў i што найважнейшае — толькі 20 адсоткаў пражытых у нашым жыцьці хвілінаў прыносяць нам 80 адсоткаў шчасьця.

Ня варта дакладна ўспрымаць самыя лічбавыя вартасьці 80 i 20. Яны толькі вызначаюць пэўную прапорцыю, зь якой могуць быць выключэньні. На прыклад, у вобласьці фінансаў можна назіраць больш завышаны прынцып 90/10. 10 адсоткаў людзей валодаюць 90 адсоткамі ўсіх грошаў. 90 адсоткаў акцыянэрнага капіталу зьяўляюцца ўласнасьцю ўсяго толькі 10 адсоткаў людзей. Падобным чынам 10 адсоткаў актораў, спартоўцаў ці музыкаў зарабляюць 90 адсоткаў усіх грошаў у сваіх сфэрах.

Незалежна ад таго, ці усьведамляем мы гэта ці не, прынцып 80/20 уплывае на якасьць нашага жыцьця. Кіруючыся ім пры плянаваньні сваёй стратэгіі дзеяньняў, ведаючы, што амаль ніколі не бывае, каб 100 адсоткаў выдаткаў прыносілі 100 адсоткаў вынікаў – мы будзем здольныя дасягнуць лепшых вынікаў тымі самымі ці меншымі затратамі працы. Асабліва калі зэканомлены час прызначым на адпачынак.

З увагі на час экзамэнацыйных сэсіяў, варта, каб студэнты выкарысталі дадзены прынцып у эфэктыўнай здачы іспытаў. Дастаткова прааналізаваць свой досьвед і задумацца, якія «перадэкзамэнацыйныя дзеяньні» прыносяць найлепшыя вынікі.

Часта можна назіраць, што асоба, якая інтэнсыўна вучыць і спрабуе ўсё зразумець, атрымлівае ў выніку ніжэйшую адзнаку за кагосьці, хто здольны вучыць толькі тое, што насамрэч патрэбна для атрыманьня на іспыце пэўнай адзнакі.

Маючы няшмат часу, лепш падумаць і знайсьці тыя «каштоўныя» 20 адсоткаў ведаў, якія неабходна засвоіць, каб яны нам забясьпечылі 80 адсоткаў посьпеху ў выглядзе адпаведнай адзнакі.

Праблема ў тым, каб знайсьці гэтыя 20 адсоткаў. Як гэта зрабіць? Трэба выпрацаваць у сабе здольнасьці аналітыка, які задумваецца над кожным дзеяньнем і яго вынікамі. Канчатковы вынік будзе залежаць ад уменьня рабіць каштоўныя высновы з лекцыяў (напрыклад, захоўваць у памяці любімыя пытаньні выкладчыкаў), мастацтва зьбіраньня дадзеных і пераўтварэньня іх у прыдатныя веды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?