Дыск з сэрыі «Беларускі музычны архіў» поўніцца адкрыцьцямі, яскравай паэзіяй, густоўнай музыкай і рарытэтнымі запісамі.

Ідэя ўзьняць беларускіх музыкаў на запіс трыб’юту паэтцы Ларысы Геніюш на самым пачатку працы магла падацца ўтапічнай, а сам праект наўрад ці мог прэтэндаваць на ляўры якога «Песьнярка» ці «Personal Depeche». Аднак музыкі з задавальненьнем, хутка і якасна, зрабілі свае песьні. На канцэрт-прэзэнтацыю ня здолелі патрапіць ўсе ахвотнікі, а першы наклад дыска разышоўся за тыдзень. Першыя песьні гуртоў «Iris7» і «Белы сон», а таксама ўжо добравядомая «Ноч з марозікам» Алеся Камоцкага настройваюць на лагодны лад, але потым чаду даюць «Zigzag» i «Deadmarsh». Вартасны твор — «Сьцежка», вытрыманая ў «песьняроўскай» стылістыцы. Ня дзіўна: выканаўца Ян Жанчак, сын Ларысы Сімаковіч, грае ў «Песьнярах» Барткевіча. «Песьняры» Мулявіна таксама рэпрэзэнтаваныя на дыску: песьня «Краю мой родны» ўзята з альбому «Жывём» гітарыста групы Аляксандра Кацікава, запісанага восем год таму цалкам на вершы паэткі. Ёсьць тут і патрыятычны данс («Паўднёвы вецер»), і суворая рок-баляда («Яраш і Піт»), і сьпевы ў рэчышчы кабарэ («Жаба ў каляіне»). Валік Грышко надае вершам Геніюш рамантычнасьці, Ларыса Сімаковіч — акадэмічнасьці, Вальжына Цярэшчанка — суму, «Ростра» — нязмушанасьці. Разынка дыска — мажлівасьць пачуць жывы голас самой паэткі, якая між песьнямі чытае свае вершы (фанаграмы прапанаваў Сяргей Панізьнік).

Наступнымі выданьнямі «Беларускага музычнага архіву» будуць дыскі Данчыка і складанка з твораў Агінскага. Стваральнікі сэрыі натхніліліся посьпехам «Жыць для Беларусі» і мяркуюць распачаць падобныя праекты на вершы іншых паэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0