Адразу некалькі каштоўных экспанатаў атрымаў магілёўскі музей гісторыі (Ратуша).
Найперш, гэта камергерскі ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і шабля-касцюшкоўка, якая датуецца сярэдзінай 18 ст. У пастаяннай экспазіцыі музея з’явяцца каштоўны габелен, створаны мастачкай Марынай Несцярук паводле гравюры 18 ст., некалькі дыярам, а таксама макет Магілёва сярэдзіны 17 ст., прэзентаваны мастаком Базылём Камаровым. Распавядае пра гэтыя экспанаты доктар гістарычных навук Ігар Аляксандравіч Марзалюк.

Ключ сапраўды належаў камергеру апошняга караля Рэчы Паспалітай. Сведчыць пра гэта тое, што з аднаго боку ключа змешчаны герб дзяржавы — «Оржэл бялы», а з другого — фамільны герб Пянятоўскага «Цялэк». Для Магілёва гэты ключ сімвалізуе не толькі сыход апошняга караля і скон Рэчы Паспалітай, але і скасаванне Магдэбургскага права. Што да шаблі, то яе каштоўнасць таксама не выклікае сумненняў. Знайшоў яе рыбык, які закінуў у Дняпро спініг, а дастаў з вады шаблю ў похвах.

Похвы не дужа захаваліся, затое шаблю час пашкадаваў. Калі ў грамадстве 17 — 18 стст. ключ успрымаўся як сімвал пэўнай улады, то шабля сімвалізавала суверэннасць і справядлівасць. Шабля пры боку — знак свабоднага чалавека. У Рэчы Паспалітай насіць шаблю мелі права толькі шляхціцы і мяшчане. Кожны магілёвец быў абавязаны мець дома зброю — халодную і огнепальную, бо перадусім быў абаронцам горада.

Габелен — таксама рэч дастаткова каштоўная. У 18 ст. па землях Рэчы Паспалітай ездзіў нямецкі мастак, які рабіў чарнавыя накіды для сваёй кнігі. Два гарады, якія ён упадабаў — Гародня і Магілёў. Калі мастак вярнуўся ў Германію, то стварыў дзве гравюры, вельмі адна да адной падобныя. На одной напісаў «Гродна», на другой — «Магілёў». Калі паглядзець на габелен Марыны Несцярук (дакладнай копіі нямецкай гравюры), зробіцца відавчным: велічны будынак у цэнтры выявы — не магілёўскі. Хутчэй за ўсё, гэта каралеўскі замак у Гародні. Усё астатняе — магілёўскае, калі, канешне, прыняць пад увагу тое, што адлюстраваная тут рэчка — не Дняпро, а Дубравенка.

Макет старажытнага Магілёва — рэч наогул унікальная.
Базыль Камароў зрабіў яго з вялікай гістарычнай верагоднасцю. Праца гэта вялізная і вартая ўвагі магілёўцаў. Напрыклад, праўдзіва адлюстравана тэрыторыя сучаснага парка імя Горкага. Тут стаяў спачатку драўляны замак. У вежах былі памяшканні для вояў. Быў і падземны ход, каб можна было ўцекцы ў выпадку небяспекі. Адзіная мураваная сцяна ішла ад Кутняй вежы недзе да сучаснага Краязнаўчага музея. Адна з брамаў замка дужа нагадвае Мірскі замак і называецца Алейная. Трэцяя брама — Каралеўская, яна была аздоблена мармурам. Чацвёртая брама выходзіла на Ветраную вуліцу. Там, дзе зараз палац Каніскага стаіць, была саджалка для лоўлі карася.

Гандлёвая плошча займала каля 2,5 га. Адлюстравана на макеце Б.Камарова гарадская турма ці астрог, які знаходзіўся каля Падэшвы да 1829 г. Быў таксама і млын на рацэ Дубравенка, дзякуючы якому на тым месцы, дзе зараз Быхаўскі рынак, знаходзілася запруда. Самы прыгожы будынак тых часоў — Багаяўленскі храм. Ён пабудаваны на пляцы Яна Агінскага, буйнейшага праваслаўнага магната Вялікага Княства Літоўскага. Агінскі аддаў праваслаўным гэты пляц, а ў якасці правобраза для будаўніцтва храма зрабілася царква Святога Духа ў Вільні. Нікольскі храм, дарэчы, — дакладная зменшаная копія храма Багаяўленскага. З правага боку — першы каталіцкі касцёл (не далёка ад цяперашняга «Саюздрука»). Там, дзе зараз будынак філармоніі, стаяла драўляная Уваскрасенская царква.

Многія храмы, якія адлюстраваў Камароў, маюць не зусім звыклы выгляд — яны яшчэ драўляныя. Надзвычай добра спадар Базыль паказаў замак, вызначыў планіроўку вуліц. На сённяшні дзень гэта найлепшая выява старога горада. Аднак праца яшчэ не завершана. Мастак будзе, хочацца на гэта спадзявацца, сёе-тое дарабляць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?