У апошнія дні працэсу пра справе выбуху ў метро ў Доме правасуддзя прайшлі спрэчкі бакоў. Гэта былі ці не самыя насычаныя і напружаныя моманты справы. Дзяржаўны абвінаваўца пракурор Стук запатрабаваў для абвінавачаных вышэйшай меры пакарання. Адвакаты ў сваю чаргу ўказалі на шматлікія парушэнні, дапушчаныя ў часе следства і папрасілі не выносіць смяротны прысуд.

Незалежныя СМІ падрабязна апісалі аргументы бакоў, а таксама некаторых сведак з ліку пацярпелых, якія мелі мужнасць агучыць свае сумненні ў судзе.

Дзяржаўная прэса таксама не абышла ўвагай завяршэнне працэсу, але, у адрозненне ад незалежнай, падрабязнасцямі не парадавала.

«Советская Белоруссія» ў ананімным артыкуле адзначыла, што ў сваіх выступах адвакаты «пярэчылі адзін аднаму» замест таго, каб аспрэчваць пазіцыю абвінавачвання і бараніць Канавалава і Кавалёва.

Газета ў з’едлівай форме падкрэслівае, што адвакат Кавалёва «абышоўся без аналізу падзеяў», што папярэднічалі выбухам, затое «красамоўна крытыкаваў відэазапісы». Пры гэтым, у артыкуле ні слова пра тое, што менавіта ў тых відэазапісах насцярожыла абарону. Хоць фактычна тыя відэазапісы лічацца ці не асноўнымі доказамі абвінавачання. Таксама ні слова ў «СБ» пра выступы пацярпелых, якія выказалі недавер да вынікаў следства.

Інфармацыйнае агенцтва БелТА, якое дагэтуль падрабязна апісвала працэс, таксама не асабліва засяроджвалася на аргументах адвакатаў. Затое асобнае паведамленне агенцтва прысвяціла таму, што адвакат Канавалава не адмаўляе абвінавачванні на адрас падабароннага па эпізодах 2008 і 2011 гг. Аргументам пракурора Стука прысвечана некалькі паведамленняў.

Нагадаем, што вынясенне прысуду запланаванае на 30 лістапада 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?