Апошнія гадоў дзесяць, як гляджу аўтарскае кіно пад прымусам. Не, я ўсё разумею – Каўрысьмякі, Джармуш, Ханэке… іншыя таварышы па няшчасьці –… гэта геніяльна, здымаю капялюш (галаву, валасы). Як камэра працуе, стылёвыя вытанчанасьці, гук… Гук асабліва быў у Антаніёні. (Якое шчасьце, што даўно паглядзеў ягоныя фільмы і цяпер не абавязаны катаваць сябе “Чырвонай пустыняй”)… Хаця іржавы колер адтуль можна скрасьці…

Ну, адзін прыём, ну – два, ну – тры, на ўвесь фільм. Хвіліны й дастаткова… Але паўтары гадзіны (!) экраннага часу… (А поп-«артыст» Эндзі Ўоргал выдаваў на адным прыёмчыку 6 (шэсьць!) гадзінаў кінакарціны!)

Любоў гледача да кіно мае тры стадыі.

Спачатку глядзіш усё запар – і проста радуесься па-дзіцячаму.

Потым – сутыкаесься з фільмам, які зьдзіўляе формай, агаломшвае сюжэтам, дый, увогуле, незвычайны. З гэтага пачынаецца этап «аўтарскі»: смакаваньне стылёвага малімоньня, прыёмчыкаў, оптыкі, сцэнарных нечаканак, геамэтрычных колераў, закадравых гукаў. У гэтай стадыі глядач з фанабэрыяй ставіцца да сваіх колішніх захапленьняў: яны здаюцца яму занадта прымітыўнымі. А павагаю карыстаюцца выключна мудрагелістыя карціны (сьпіс дадаваць ня буду – «прасунутая» публіка яго выдаст сама).

Але аўтарскія прыёмы – толькі спэцыі для жанравае стыхіі. Яна старажытнейшая, фальклёрная, міталягічная. І да яе зноў навяртаецца глядач. (Калі дажыве толькі.) Гэта трэцяя стадыя разуменьня.

Выкшталцоныя прыёмы каштоўныя толькі калі яны вайшлі ў жанр, сталіся часткай масавага кіно. Калі аўтар не засьціць сабою канона (у стварэньні якога ён здольны прымаць чынны ўдзел!).

Абіраць паміж масавым жанрам і «аўтарскімі прыёмчыкамі»… Ды дурная амэрыканская жахаўка лепшая за тузін Каўрысьмякаў!

…Але Каўрысьмякі ёсьць сыравінай для масавага кіно…

Каўрысьмякіяна – афіцыйны погляд на Акі Каўрысьмякі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?