Каюся: дасюль не наведваў з працоўным візытам "алмаз ведаў". Натуральна, і правілаў іхніх ня ведаю.
А тут спатрэбіўся артыкул са старой газэтнай падшыўкі.
Набіраю нумар.
— Скажэце, калі ласка, а ці можна прайсьці ў чытальную залю зь лічбавай камэрай?
(Мною рухае наіўная надзея хуценька перафатаграфаваць матэрыял.)
Паўза.
Потым чую:
— Вы имеете в виду калькулятор?
То бок з усяе тырады ідэнтыфікаваны хіба корань "лічба"...
Чытачам "Нашае нівы" ня трэба даводзіць, што дэкляраванае ў нас дзьвюхмоўе — фікцыя. Цынічная фікцыя.
Канешне, каб кантраляваць, хто як размаўляе на кухні ці ў ложку, давялося б увогуле стварыць лад, як у антыўтопіі Оруэла.
Лепей ня трэба.
Зь іншага боку, ня варта і лунаць у эмпірэях рамантызму.
А вось ці можа ўрад — возьмем прагматычную задачу — дамагчыся, каб у публічнай сфэры рэальна запрацаваў прынцып білінгвізму?
Можа.
У гэтым мяне пераканала Бэльгія.
Любое параўнаньне кульгае, але ўвогуле ў беларусаў з бэльгійцамі ў гістарычным пляне багата агульнага. Нават што да праблемы этнічнай самаідэнтыфікацыі.
У іх там дасюль успыхваюць спрэчкі, ці ёсць такая нацыя — бэльгійцы. Маўляў, стварылі некалі штучную дзяржаву між Францыяй ды Нідэрляндамі!..
Ва ўсякім разе, насельніцтва краю, які стагодзьдзямі належаў розным магутным суседзям, і па сёньня выразна падзеленае на дзве часткі — франкамоўных валёнаў ды флямандцаў, якія гавораць, адпаведна, па-флямандзку. Гэта замацавана і афіцыйным дзяржаўным дзвюхмоўем (дакладней кажучы, трохмоўем, бо такія самыя лінгвістычныя правы маюць там яшчэ і немцы, але іх зусім каліва).
Вось тут падабенства зь беларускай сытуацыяй і сканчаецца. Бо ў іх білінгвізм не імітацыйны, а сапраўдны.
Стваралі гэты фэномен доўга ды пакутліва. Раз за разам улагоджваючы абвастрэньні стасункаў, валёны і флямадцы цярпліва шліфавалі законы і прынцыпы дзяржаўнага ладу, каб гарманізаваць інтарэсы моўных групаў.
У выніку сёньня будова бэльгійскай фэдэрацыі ўнікальна складаная. Яе называюць падвойнай (бо дзейнічаюць як тэрытарыяльны, так і лінгвістычны прынцыпы падзелу). Хто хоча, можа пашукаць у Сеціве артыкулы і нават цэлыя дасьледаваньні на гэтую тэму.
Скажу толькі, што кожная моўная (!) супольнасьць мае сваю Раду і свой урад (!). У тым ліку, дарэчы, і немцы, што складаюць толькі блізу 3% насельніцтва.
Гэтым парлямэнтам ды ўрадам канстытуцыя дэлегуе шырокія паўнамоцтвы. Яны тычацца, у прыватнасьці, сфэраў мовы, культуры, адукацыі, шырокага кола сацыяльных пытаньняў, аховы здароўя, спорту, моладзевых праблемаў, турызму, мэдыяў.
Уявеце сабе: у межах сваёй кампетэнцыі лінгвістычныя супольнасьці могуць нават заключаць дамовы з замежнымі краінамі!
Ці вось прыклад. Знакаміты Лёвэнскі ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1425 годзе, быў падзелены ў 1970-м на два аўтаномныя менавіта паводле мовы навучаньня. Каб была поўная роўнасьць.
У Бэльгіі жалезнае правіла: любы чыноўнік, любы службовец ці гандляр мусіць упэўнена валодаць кожнай зь дзяржаўных моваў.
(На здымку пра цяжкасьці вывучэньня флямандзскае мовы мне распавядае былы намесьнік галоўнага рэдактара "Народнай волі" і цяперашні жыхар бэльгійскае сталіцы Алесь Сіліч. Ён справа.)
У іх там аднойчы цэлы бунт быў, калі нейкі мэр-франкафон адмовіўся вывучаць флямандзкую!
Ды што там мэр! Кожны паліцыянт абавязаны патлумачыць мінаку шлях менавіта на той з моваў краіны, на якой гэны мінак зьвярнуўся.
Карацей, вось там дзяржава сапраўды ёсьць гарантам выкананьня канстытуцыі ў моўным пытаньні.
І пры ўсім разгуле дэмакратыі ты ня здолееш прэтэндаваць на прыстойную працу, весьці бізнэс, рабіць кар'еру, калі ня будзеш рэальна дзвюхмоўным чалавекам.
З Брусэлю я прыхапіў во гэты сувэнір — кардонную падстаўку пад піўны куфаль.
Дэвіз папулярнай маркі пеннага напою выдрукаваны на кардонцы дзьвюма дугамі — па-француску ды па-флямандзку.
Як бачым, ніводзін бэльгіец не пачуваецца дыскрымінаваным нават у карчме (а гэта ж там найпапулярнейшае месца!). Парытэт дзьвюх асноўных моваў нацыі — літаральна як на далоні.
Калі вяртаешся з Брусэлю ў Менск, дзе пануе расейшчына, становіцца прыкра ад таго, што родная сталіца, дый уся Беларусь, дасюль нясе выразныя рысы каляніяльнасьці, аддаючы амаль што ўвесь моўны абсяг "великому и могучему".
Канешне, памылкова думаць, што ў Бэльгіі — лінгвістычная ідылія. Бываюць праявы напружанасьці. Сярод флямандцаў, напрыклад, існуе думка, што іхнюю матчыну мову франкафоны лянуюцца вывучаць як сьлед.
Але гэта той выпадак, калі — нам бы іхнія моўныя праблемы!
І апошняя дэталь. Тамтэйшы кароль Альбэр ІІ з падкрэсьленым парытэтам прамаўляе як па-француску, так і па-флямандзку. Ён ёсьць жывым сымбалем рэальнага бэльгійскага білінгвізму.
Думаю, каб беларускі афіцыйны лідэр пачаў прамаўляць хоць 50:50, службоўцы подбегам кінуліся б у кнігарні па слоўнікі. І ўжо ні ад кога не патрабавалі б "гаварыць на чалавечаскам языке".
І ня блыталі б фотакамэру з калькулятарам :)
Фота з архіву аўтара.