Яшчэ ў верасьні ніхто, гледзячы на Ільлю Кармільцава, нават уявіць ня мог, што яго ўжо точыць зь сярэдзіны сьмяротная немач. У нядзелю зь Лёндану прыйшла сумная вестка — выдатнага рускага паэта і асьветніка ня стала.
Гэтымі днямі будуць шмат, што абсалютна правільна, казаць пра ўзрушальныя і зусім не састарэлыя тэксты, якія Ільля пісаў у 80‑я для легендарных песьняў «Наутилуса Помпилиуса». «Гуд бай, Амэрыка», «Я хачу быць з табой», «Скутыя аднім ланцугом» — яны гучалі тады з усіх вокнаў: і кватэраў «залатое моладзі», і працоўных інтэрнатаў. Ды й сёньня іх слухаюць, прычым ня толькі людзі сярэдняга веку, але й маладыя. У вершах Кармільцава, нягледзячы на выразную прывязку да канкрэтнай эпохі, ёсьць штосьці пазачасавае і мэтафізычнае, што дае яму права на сур’ёзнае месца ў гісторыі айчыннай славеснасьці.
На жаль, вершы Кармільцава апошняга часу значна менш вядомыя. Хаця ягоная кніга «Ніхто зь ніадкуль» увайшла ў пяцёрку фіналістаў найпрэстыжнейшай прэміі «Кніга году», якую уручаюць на пачатку верасьня падчас Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставы‑кірмашу. На цырымоніі ўручэньня гэтай прэміі мы й пазнаёміліся з Ільлём.
Аднак паэтычная ўзнагародна абмінула Кармільцава. Лепшай паэтычнай кнігай году быў прызнаны зборнік новых вершаў Андрэя Вазьнясенскага. Пасьля чаго Кармільцаў пайшоў у курылку, дзе мы і пазнаёміліся. Кармільцаву, як і мне, была агідная пошласьць цырымоніі, якая адлюстроўвала густы цяперашняга кіраўніцтва міндруку. Калі да курылкі даносілася «У любви, как у пташки, крылья», альбо віскат, які суправаджаў афэнбахаўскі канкан, мы дружна сьмяяліся.
«Калі ж яны скончаць гэтую тарабанку і накормяць пралетараў кніжнае справы?» — з гумарам казаў Кармільцаў, які заўжды цураўся пампезнага афіцыёзу.
…
Калі зь Лёндану прыйшло першае паведамленьне пра тое, што ў Ільлі выяўлены рак пазваночніка чацьвёртай ступені, практычна ўсім стала зразумела — «вялікі ўраўнавальнік» не прымусіць сябе доўга чакаць. Так яно і сталася. Апошнія тыдні Кармільцаў правёў у адным зь лёнданскіх хосьпісаў — геніяльным вынаходніцтве заснавальніцы танаталёгіі, г.зн. навукі пра сьмерць і мастацтва паміраць годна, Элізабэт Кублер‑Рос. Выданьне ейных працаў стаяла ў пэрспэктыўных плянах выдавецтва «Ультракультура», якое ўзначальваў Кармільцаў.
Ільля Кармільцаў адышоў у лепшы сьвет на 48‑м годзе жыцьця.
Фота peoples.ru