Алег Скрыпка распачаў новы сэзон танцавальных этна‑дыска‑вечарніцаў. Лідэр гурту «ВВ» гэтым разам паўстане перад гледачамі ў новым амплюа дыджэя пад сцэнічным імем DJ O’Skrypka.

— Ты будзеш як стары добры дыск‑жакей, які проста ставіць патрэбныя кружэлкі?

— На сёньня ў Эўропе і нават у нас ужо модны этнічны груў. Яго ўжо можна вылучыць у асобны стыль і прапагандаваць . Так што я буду выступаць у ролі менавіта дыджэя.

— Цябе вабіць мастацтва дыджэінгу, рэміксы, але ж уся гэтая электроніка — нежывая музыка?

— З электронікай адбываецца тое самае, што ў свой час адбывалася з этнікай. Гэтая музыка мне падабаецца й я яе адчуваю, але мне ў гэтай сфэры не ставала інфармацыі, энэргіі, досьведу і да таго падобнага. Тады я пачаў кантактаваць зь людзьмі, якія працуюць у гэтым кірунку. Гэта для мяне новы культурны сьвет, які ўзбагачае. У выніку я дакантактаваўся да таго, што сам зрабіўся дыджэем.

— У тваёй практыцы ўжо ёсьць досьвед працы з электроннымі праектамі: напрыклад, супольны рэмікс з дыджэем Шэр з Краматорска на песьню «Восень».

— Досьвед ёсьць, але кампазыцыя атрымалася нефарматнай і таму яе ледзь‑ледзь круцяць толькі на радыё Kiss‑FM. Тым ня менш, мы з Шэрам працягваем супрацоўнічаць. Зараз мы ў яго запісваем асобныя партыі для луганскага гурту «Назад шляху немає». Апроч таго, ён зрабіў яшчэ адзін рэмікс для вэвэшнага альбому «Були денькі». Таленавіты хлопец, зь ім вельмі зручна працаваць. Мне цікава працаваць з хлапцамі з усходняй Украіны. У іх вельмі цікавая мэнтальнасьць і вялікая крэатыўнасьць.

— Ты дапамагаеш маладым рок‑музыкам, а з гуртом «Назад шляху немає» супольны праект трывае ўжо некалькі гадоў, і нават плянуеш зьняць супольны кліп, але нейкіх адчувальных дывідэндаў ім гэта пакуль не прынесла.

— Кантакты з маладымі калектывамі для мяне проста крыніца інфармацыі. Хлопцы даюць мне свае дыскі й касэты, я іх слухаю, знаходжу сярод гэтага адсоткаў 20 цікавага матэрыялу, а гэта вельмі сур’ёзны паказьнік. А палова з таго, што прыцягнула маю ўвагу — проста геніяльная музыка. Напрыклад, гэтыя хлопцы з Луганску… Па‑першае, я люблю рок‑музыку, цяжкую музыку і прыгожую ўкраінскую лірыку. І «Назад шляху немає» сумяшчаюць у сваёй творчасьці менавіта гэтыя кампанэнты. Зь іншага боку, я зь імі супрацоўнічаю, а не прадусірую, груба кажучы, я іхні гуру. Дапамагаю парадай, магу нават даць свой невялікі рэсурс, але для мяне важна, каб яны самі рабілі сваю кар’еру.

— Па‑мойму, цяпер ва Ўкраіне прабіцца маладому гурту без падтрымкі надта праблематычна.

— На жаль, грамадзтва не гатовае ператраўляць такі прадукт. Таталітарызм эстрадных выканаўцаў не дае разьвіцца такім калектывам. Патэнцыйна слухачоў вельмі шмат, але большасьць зь іх вам скажа: ну гэта незразумела, ня чутна, мы гэтага ня бачым. Зь іншага боку, людзі скардзяцца, што ў дыскарнях украінскай музыкі няма. Мне ж мае прыхільнікі выстаўляюць прэтэнзіі, чаму няма тваіх дыскаў у краме, чаму няма канцэртаў «ВВ». Яны не разумеюць, што гэтыя пытаньні трэба задаваць ня мне! Пра гэта трэба пытацца ў пэўных дзядзяў, якія наўмысна робяць усё, каб украінскай музыкі не было. Грамадзтва так і зладжана, што калі чагосьці не адбываецца, вінаваты артыст. Таму што артыст — ён навідавоку, і ўсе пытаньні да яго. Маладыя ўкраінскія каманды прыносяць на тэлевізію свае кліпы, а там ім пачынаюць распавядаць пра нефармат і не бяруць іх для трансьляцыі.

— Што ж, па‑твойму, рабіць з праблемай дзьвюхмоўя ва Ўкраіне? Прымусам паступова адмовіцца ад адной з моў, адпаведна, расейскай? Але калі ў сям’і ўсе гавораць па‑расейску, а ў школе вучаць усё на ўкраінскай, атрымліваецца, дзіцё як сьлед не засвойвае ніводную з моў.

— Мне шкада бацькоў, якія не даюць дзецям належнага культурнага выхаваньня. Кожны культурны ўкраінец павінен валодаць украінскай мовай. Калі ён, жывучы ва Ўкраіне, не валодае мовай краіны, ён некультурны чалавек. Калі ты прыяжджаеш у Францыю і ня ведаеш францускай, ты не атрымаеш ані працы, ані кантактаў, ані сяброў, анічога. Гэта з аднаго боку. І для таго, каб для сябе ўсярэдзіне разабрацца з праблемамі ўкраінскай мовы, трэба ведаць гісторыю. Зноў жа, калі людзі ня ведаюць гісторыі, яны некультурныя людзі. Яны ня ведаюць прычын і перадумоваў зьяўленьня ў нас расейскай мовы і чаму гэтая праблема мусіруецца. Моўная праблема — гэта нафтавая, газавая, палітычная праблема, якая ня ёсьць праблемай людзей. Людзьмі проста маніпулююць на карысьць нейкіх клянавых структур, і мне проста іх шкада. Гэтыя людзі становяцца рабамі чужых замбавальных тэхналёгій. Калі чалавек не валодае ўкраінскай мовай, ён несвабодны ўнутрана.

— Але ёсьць жа ў сьвеце краіны, у якіх прынятае дзьвюхмоўе на дзяржаўным узроўні?

— Калі мы ня вырашым праблему мовы, мы ня вырашым праблему сваёй дзяржаўнасьці, якой у нас дагэтуль не існуе. Краіны, якія вырашылі моўныя праблемы, сталі нармальнымі разьвітымі краінамі, напрыклад, Фінляндыя, Бэльгія, Гішпанія, Канада — дзьвюхмоўныя краіны, якія ўвесь час развальваюцца. У Швэйцарыі, спакойнай, рэспэктабэльнай краіне, у вёсках на мяжы размаўляюць на нямецкай, і я, калі размаўляў па‑француску, рызыкаваў атрымаць у лыч. Гэтая праблема, тым больш у нас, штучная, яна ня мае нашага ўнутранага паходжаньня, яна мае паходжаньне вонкавае. Гэта посткаляніяльны сындром. І тых людзей, якія працуюць на гэтыя посткаляніяльныя сілы, мне проста шкада.

ПАРАЛЛЕЛЬ-МЕДИА

Фота «Високий Вал»

Глядзі яшчэ:
Алег Скрыпка: Ваш рок круцейшы ў тры разы!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0