19 лістапада ня стала Валерыя Раеўскага — народнага артыста Беларусі, ляўрэата дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, рэжысэра-пастаноўшчыка Купалаўскага тэатру. Валерый Раеўскі пайшоў з жыцьця на 73-м годзе жыцьця, пакінуўшы глыбокі сьлед у тэатральным мастацтве і беларускай культуры.

Валерый Раеўскі нарадзіўся 20 чэрвеня 1939 году ў Менску. Уся яго творчая біяграфія зьвязаная зь беларускім тэатрам: у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пачаў працаваць у 1967 годзе, з 1973-га — ягоны галоўны рэжысэр, а з 1991 да 2008 году — мастацкі кіраўнік. Наступнікам Валерыя Раеўскага стаў Мікалай Пінігін, які называе яго сваім «тэатральным бацькам»:

«Валеры Мікалаевіч браў мяне ў тэатар — гэта адбылося ў 1985 годзе, і да майго ад’езду ў Пецярбург я амаль што 13 гадоў працаваў у купалаўскім тэатры. А першы спэктакль мы рабілі разам у Віцебску, калі мне было 19 год. І ў гэтым сэнсе — ён мой тэатральны „бацька“. Ён быў вельмі моцны рэжысэр-пастаноўшчык, вельмі добры і сумленны чалавек. Гэта вялікая страта для тэатру і для сям’і, безумоўна».

Валеры Раеўскі таксама быў прафэсарам Беларускай акадэміі мастацтваў. Многія вядомыя акторы і рэжысэры, якія працуюць сёньня ў розных тэатрах Беларусі, распачыналі свой зорны творчы шлях зь лёгкай рукі Валерыя Раеўскага. Адзін зь іх — вядучы актор купалаўскага тэатру Віктар Манаеў:

«У нашым творчым жыцьці было ня так шмат паводле колькасьці, як хацелася б, але былі добрыя сумесныя працы. Можна ўзгадаць хаця б адных „Радавых“, за якіх мы ў 1985 годзе атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР. Ён тады даверыў мне, яшчэ маладому артысту, які працаваў у тэатры толькі чатыры гады, такую вялікую ролю, як „Адуванчык“. Мы ўсе яму ўдзячныя — валадарства яму нябеснае».

На сцэне Купалаўскага тэатру Валеры Раеўскі паставіў больш за 35 спэктакляў паводле драматычных твораў беларускіх і замежных аўтараў. Кіраўнік Беларускага саюзу тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў — адзін з гэтых аўтараў. Ён мяркуе, што галоўнае — ня колькасьць, а глыбіня творчасьці Валерыя Раеўскага:

«Самае галоўнае, што ўсе знакавыя творы беларускай драматургіі празь яго руку, празь яго душу і сэрца праходзілі. Працаваць зь ім было ня так проста, чалавек ён быў складаны і адзінокі. Але гэта ўжо лёс кожнага глыбокага творцы, якім ён і быў. Скончылася эпоха важная і таленавітая, эпоха акадэмічнага і клясычнага тэатру. І ён аддаў гэтаму тэатру сваё жыцьцё і свой талент. Супакой Госпадзі яго душу».

Спэктаклі Валерыя Раеўскага былі ўганараваныя на шмат якіх міжнародных тэатральных фэстывалях, шэраг спэктакляў паводле твораў беларускай драматургіі ён паставіў за мяжой. З Валерыем Раеўскім адышла цэлая эпоха ў гісторыі беларускага тэатру, кажа мастацтвазнаўца, тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі:

«Больш за тры дзесяцігодзьдзі я быў побач, а то і разам з Валерыем Раеўскім. Практычна, як крытык, я адбыўся на ягоных спэктаклях. Я бачыў усе ягоныя спэктаклі на сцэне тэатру імя Янкі Купалы і з поўнай адказнасьцю магу сьцьвярджаць, што гэта найбуйнейшы рэжысэр другой паловы дваццатага стагодзьдзя ў Беларусі. Нават калі б ён паставіў толькі адзін спэктакль „Трыбунал“, ён навечна застаўся б у гісторыі беларускага тэатру. А яшчэ былі такія шэдэўры, як „Што той салдат, што гэты“ паводле Брэхта, „Пагарэльцы“ Макаёнка, „Радавыя“ Дударава. Увогуле я хачу адзначыць, што ніхто ў гісторыі беларускага тэатру так шмат ня ставіў беларускай драматургіі, як Валеры Раеўскі. Гэта і Дудараў, і Матукоўскі, і Макаёнак, і Васіль Быкаў. Адзін зь першых спэктакляў Валерыя Раеўскага — „Апошні шанс“ Васіля Быкава — таксама вялікі факт гісторыі беларускага тэатру. Увогуле Раеўскі мог паставіць нашмат, нашмат болей унікальнай драматургіі, але яму не давалі. Валеры Раеўскі быў, так бы мовіць, мяккім дысыдэнтам у тэатральным мастацтве. Ён заўсёды лічыў, што тэатар і творца заўсёды павінны быць у апазыцыі да ўлады. І ён рабіў гэта ў сваіх спэктаклях — кожны ягоны спэктакль нёс у сабе крытычнае стаўленьне да ўлады. Тады гэта называлі, так бы мовіць, „кукішам у кішэні“. Але ўва ўсіх спэктаклях была крытыка ўлады і камуністычнай рэальнасьці ў большай ці меншай ступені. І гэта вельмі важна і істотна. Я, да прыкладу, узгадваю нашыя зь ім гутаркі пра „Рычарда ІІІ“ Шэксьпіра, што ён хацеў паставіць. Божухна, як жа сёньня, ва ўмовах лукашэнкаўскай Беларусі „Рычард ІІІ“ прагучаў бы! Бо ў ім паказаная ўнікальная прэпарацыя любога таталітарызму і аўтарытарнага кіраўніка-дыктатара. Усё жыцьцё яго тапталі за дысыдэнцтва — ён быў мяккім дысыдэнтам у мастацтве».

Разьвітаньне з Валерыем Раеўскім адбудзецца ў аўторак, 22 лістапада, з 11 да 13 гадзіны ў будынку Дома літаратара. Пахаваньне — на Ўсходніх могілках Менску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?