Аляксей Яфімаў з Бабруйска скаланаецца, успамінаючы пра бандыта, што пагражаў забіць яго сваякоў. У 2010-м Яфімаў адказаў на абвестку, якая прапаноўвала лёгкія грошы таму, хто пагодзіцца прадаць нырку.

Аляксей убачыў у гэтым шанец вырвацца з беднасці.
Замест гэтага яму давялося выправіцца ў небяспечнае падарожжа і месяц праседзець замкнутым у гатэльным нумары ў Эквадоры, чакаючы хірургаў, што выдалілі б яму орган.

Роні Шымшылашвілі, што трымаў Яфімава ў палоне, — былы кікбаксёр і кіраўнік міжнароднай банды, што займалася гандлем людзьмі.

«Ён сказаў, што калі я не зраблю гэтага, ён пакіне мяне ў Эквадоры і заб’е маю сям’ю», — кажа Аляксей.

Дактары выразалі яму левую нырку ў ліпені 2010 года і трансплантавалі яе ізраільскай жанчыне, паводле дадзеных кіеўскіх следчых, што распачалі крымінальную справу супраць міжнароднай банды. У самалёце, што ляцеў назад у Беларусь, Шымшылашвілі сказаў Яфімаву, што калі ён хоча жыць, ён павінен маўчаць.

Яфімаў — адна з ахвяраў гіганцкай сеткі, што працавала на чорным рынку органаў, і выкарыстоўвала падман, гвалт і прымус, каб купіць органы ў бедных людзей, у асноўным са слабаразвітых краінаў, а затым прадаць іх багатым пацыентам. Яны звязаныя з дактарамі вядучых клінік, якія робяць гэтыя перасадкі за грошы, не задаючы пытанняў.

Паводле СААЗ, штогод каля 5000 чалавек прадаюць органы на чорным рынку. Гэта нелегальна ва ўсіх краінах, апроч Ірана.

Bloomberg Markets паведамляла ў чэрвені, што жыхары ЗША, хворыя на ныркавую недастатковасць, ехалі ў Нікарагуа і Перу, каб купіць на чорным рынку органы параненых і забітых донараў і рэцыпіентаў.

На чорным рынку шмат бандаў дзейнічаюць у інтарэсах пацыентаў з Ізраіля, чыя медыцынская сістэма адчувае востры недахоп органаў, у прыватнасці, праз рэлігійныя перакананні ізраільцян. Толькі 12% ізраільцян з’яўляюцца зарэгістраванымі донарамі, гэта значыць, яны пагадзіліся, каб іх органы былі выкарыстаныя для трансплантацыі пасля іх смерці.

Недахоп даступных органаў у Ізраілі спарадзіў новы клас злачынцаў, у асноўным імігрантаў з былога Савецкага Саюза.
Следчыя на пяці кантынентах кажуць, што выявілі сеткі злачынных груп пад кіраўніцтвам ізраільцян і жыхароў Усходняй Еўропы, якія перавозяць праз межы людзей, часам супраць іх волі, каб здабыць нырку. Злачынцы прадаюць нырку ў 15–20 разоў даражэй, чым купляюць: плацяць $10 тыс., а прадаюць пацыентам за $150 тыс.
Гандляры людзьмі палююць на найбольш безабаронных.
Малдова, самая бедная краіна ў Еўропе, — адно з іх галоўных паляўнічых угоддзяў.

Пацыенты, якія атрымліваюць органы ад жывых донараў, маюць больш шанцаў выжыць, чым пры трансплантацыі органаў ад памерлых. Сярод пацыентаў, якія атрымліваюць органы ад жывога донара, 90% жыве не менш за пяць гадоў, а для тых, хто атрымлівае орган ад мёртвага донара, гэтая лічба складае 82%. Законныя донары органаў — гэта, як правіла, сваякі хворага.

У Ізраілі рэлігійныя перакананні перашкаджаюць ахвяраванням органаў — і ад жывых, і мёртвых. Паводле вернікаў, цела мусіць быць пахавана некранутым.

Шмуэль Эліягу, галоўны рабін Цфата, спрабуе прапагандаваць донарства органаў. Ён сцвярджае: Тора вучыць, што ў першую чаргу трэба дапамагаць іншым, асабліва калі гэта азначае выратаванне чалавечага жыцця. Рабін кажа, што ахвяраванне органаў — гэта міцва, то бок добрая справа.

Аляксей Яфімаў ніколі не быў у Ізраілі. Ён кажа, што быў уцягнуты ў продаж ныркі ў Беларусі ў 2009 годзе. Аляксей хацеў здабыць грошай, каб вярнуць сабе каханне сваёй былой дзяўчыны, таму і адгукнуўся на інтэрнэт-рэкламу продажу органаў.

Два ўкраінскія рэкрутары банды ў Кіеве, Руслан Якавенка і Яўген Слюсарчук, напісалі Яфімаву па электроннай пошце, што продаж ныркі — бязбольны спосаб зарабіць $ 10 тыс.

Пасля абмену электроннымі лістамі і тэлефонных званкоў гандляры даслалі Аляксею $100 на квіток да Кіева. Яны пасялілі яго ў аднапакаёўку разам з двума іншымі донарамі ныркі.

У сярэдзіне чэрвеня 2010 года гандляры сказалі Яфімаву, што знайшлі ізраільскую жанчыну, гатовую купіць яго нырку, і што трансплантацыя будзе зробленая ў Эквадоры.

Калі яны прыбылі ў Кіта, Шымшылашвілі замкнуў трох донараў у мясцовым гатэлі.

«Ён не дазваляў нікому выходзіць на вуліцу ў адзіночку, і ў нас не было ніякіх грошай», — кажа Аляксей.

Неўзабаве 55-гадовая ізраільцянка з ныркавай недастатковасцю прыбыла з Тэль-Авіва, і Яфімава даставілі ў бальніцу.
Яфімаў паказаў доктару Густава Сальвадору дакумент, які яго прымусілі падпісаць, і заявіў, што хоча ахвяраваць нырку.

«Калі хтосьці прыходзіць да мяне і кажа: «Я хачу ахвяраваць орган», то мы так і робім, — кажа Сальвадор, — а лезці ў жыццё чалавека — не мая справа».

Хірургі выдалілі Яфімаву левую нырку 27 ліпеня 2010 года.

10 тысяч Аляксей зарабіў, але гэта не варта таго страху, які перацярпеў, кажа ён.

Калі ўрад Эквадора пачаў расследаванне гандлю органамі ў 2010 годзе і выявіў 11 выпадкаў трансплантацый нырак, у асноўным ад украінскіх донараў ізраільскім пацыентам, ніводнаму медыку не выставілі абвінавачання: паводле закона Эквадора, яны нічога не парушылі.

Законы і правілы, скіраваныя на прадухіленне незаконнага гандлю органамі, не працуюць. Пакуль ва ўсім свеце існуе недахоп законных донараў жыццёва важных органаў, эксплуатацыя бедных будзе толькі расці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?