Ірына Халіп атрымала паштоўку, якую яе муж, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, адправіў два тыдні таму з бабруйскай калоніі.

«Ён адпраўляў яе да майго дня нараджэння, які быў 12 лістапада, — паведаміла Халіп. — Дайшла яна толькі ўчора. Паколькі гэта не ліст, а паштоўка, то ён нічога не піша пра сябе, а піша выключна пажаданні».

Паводле слоў Халіп, муж пажадаў ёй, каб «кашмар апошняга года знік назаўсёды, каб побач са мной былі толькі добрыя людзі, а вырадкі — як мага далей».

Халіп таксама паведаміла, што

па-ранейшаму не мае інфармацыі, у якую калонію і калі будзе пераведзены Саннікаў.

Нагадаем, 16 лістапада стала вядома, што Саннікава этапіравалі з бабруйскай калоніі, аднак куды менавіта, не паведамілі ні сваякам, ні адвакату. Яго жонцы Ірыне Халіп 17 лістапада ўдалося трапіць на прыём да часовага выканаўцы пасады начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргея Працэнкі, які пацвердзіў, што Саннікава этапіруюць у іншую калонію ў сувязі з нібыта пагрозай яго небяспецы. Ён таксама паведаміў, што палітыка будуць этапіраваць праз магілёўскую турму ў Віцебскую вобласць. У якой менавіта калоніі Саннікаў будзе адбываць пакаранне, Працэнка не канкрэтызаваў. Аднак адваката Марыну Кавалеўскую, якая дабівалася магчымасці ўбачыць Саннікава, да яго так і не пусцілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?