Швайцарцы, аўстрыйцы, швэды вызначалі лёс атамнай энэргетыкі на рэфэрэндумах. У Беларусі, краіне чарнобыльскай бяды, будаваць АЭС вырашылі неяк неўпрыкмет.

Днямі прэм'ер Сідорскі нібы між іншым паведаміў, што прэзыдэнт прыняў такое рашэньне. А сёньня на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік Акадэміі навук Мясьніковіч зь міністрам энэргетыкі Азярцом абмалявалі дэталі.

Куды ж падзелася любоў высокага кіраўніцтва да плебісцытаў?

Ну, па-першае, ня хочацца ўздымаць шум, бо яшчэ невядома як агукнецца чарнобыльскі сындром. Колькі ні пераконвай, што купім надзейныя рэактары (а не "лайно нейкае", як некалі экспрэсыўна выказаўся галоўны начальнік), усё адно даверу да мірнага атаму ў многіх суайчыньнікаў няма.

Па-другое, такі рэфэрэндум — гэта карты ў рукі апазыцыі. Некалі менавіта "Чарнобыльскія шляхі" зьбіралі найболей удзельнікаў.

Па-трэцяе, час падціскае. Няма калі дыскутаваць. Расея ўзяла за горла з энэрганосьбітамі.

Канешне, Лукашэнка ўжыў гіпэрбалу, назваўшы АЭС нашым выратаваньнем. Праблему энэргазалежнасьці яна вырашыць толькі часткова.

Зараз энэргабалянс краіны складае 34 млн. т умоўнага паліва (доля імпартных энэргарэсурсаў — каля 85%). АЭС магутнасьцю 2 000 мэгаватаў дазволіць выпрацаваць эквівалент 4-4,5 млн. т умоўнага паліва.

Францускі рэактар болей надзейны, чым расейскі, праўда і каштуе у паўтара разы даражэй. Нядаўна французы выйгралі тэндэр на будаўніцтва АЭС у Фінляндыі. Блёк магутнасьцю 1,5 тысячы мэгаватаў будзе каштаваць фінам 3 млрд. эўра.

Аднак жа скупы плоціць двойчы.

Ці будзе ў нас празрысты тэндэр? Дзе гарантыя, што не захочацца "танна і сярдзіта"? (Але ў атамнай энэргетыцы бывае надта "сярдзіта"!)

Акрамя таго, калі выберуць расейскі праект, дык толькі ўзмоцніцца залежнасьць ад тамтэйшых "энэргетычных імпэрыялістаў".

Дарэчы, выбар падрадчыка — заходняга ці расейскага — у значнай ступені будзе сымбалізаваць і геапалітычны выбар Беларусі.

Замова ў французаў — гэта прагматычны масток на Захад. Крэдыты, кантакты, пашырэньне зоны даверу і г.д.

Але відно: мучыць экзыстэнцыяльны страх трапіць у лапы праклятых буржуінаў.

Ёсьць прадчуваньне: Менск, бадай, і тут прывяжа сябе да імпэрыі.

Тэма АЭС — здавалася б, проста падарунак для апазыцыі. Але... Столькі гадоў ладзілі "Чарнобыльскія шляхі", а тут — як мову адняло.

Гаворка не пра тое, каб галёкаць "ганьба!".

Дзе канцэптуальная альтэрнатыва?

Апанэнты ўлады, лічы, выпалі з кантэксту гэтага найактуальнейшага для краіны пытаньня.

Між тым непалітызаваныя адмыслоўцы выказваюць моцныя контараргумэнты.

Яны кажуць, што ядравае паліва будзе імкліва даражэць. І калі сёньня электраэнэргія, выпрацаваная на АЭС, таньнейшая, дык празь лічаныя гады можа стаць вялікай раскошай.

Але самае галоўнае вось у чым. У нас на адзінку ВУП траціцца энэргіі ў 3-5 разоў болей, чым у перадавых краінах. І нашыя дзяржаўныя стратэгі, здаецца, зьбіраюцца давеку сілкаваць ёю ад пуза монстраў сацыялістычнай індустрыі.

А можа, выйсьце у тым, каб, перайшоўшы на высокія тэхналёгіі, рэзка скараціць спажываньне энэргарэсурсаў?

І нарэшце, колькі ні пішы дырэктываў пра эканомію і ашчаднасьць, карысьці будзе зь вераб'ёву дзюбу, пакуль у вытворчай сфэры не запануе гаспадар, уласьнік.

Прыватнік жа наладзіць энэргазьбэражэньне без аніякіх дырэктываў. Бо гэта ягоная капейка.

Так што і тут праблема ўпіраецца ў рэформы.

І зноў узьнікае сакрамэнтальнае пытаньне: наколькі гатовае да іх айчыннае кіраўніцтва?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?