У судзе Першамайскага раёна Мінска сёння пачаліся спрэчкі на працэсе па крымінальнай справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які абвінавачваецца ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры.

Пракурор Уладзімір Сайкоўскі падкрэсліў, што ўхіленне ад выплаты падаткаў з даходаў караецца ва ўсіх краінах. На яго думку, атрыманне Бяляцкім сродкаў на праваабарончую дзейнасць не вызваляе яго ад выплаты падаткаў з гэтых грошай.

Пракурор заявіў, што

Бяляцкі ведаў пра неабходнасць плаціць падаткі, аднак наўмысна гэта не рабіў.

Абвінавачанне просіць суд прыгаварыць праваабаронцу да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Слова ўзяў адвакат Дзмітрый Лаеўскі. Ён звярнуў увагу на тое, каго менавіта сёння судзяць.

На лаве падсудных, падкрэсліў адвакат, — віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, які не раз вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру, лаўрэат розных прэмій, былы дырэктар музея Максіма Багдановіча, ганаровы грамадзянін Генуі.

Паводле слоў Лаеўскага, абвінавачанне не адпавядае нормам Крымінальнага кодэкса і парушае правы на абарону: у ім не ўказаны ні час, ні месца, ні спосаб правапарушэння.

Як падкрэсліў адвакат, пазіцыя абвінавачання складаецца выключна з меркаванняў. Апрача таго, Лаеўскаму незразумела, на падставе якіх звестак вызначана сума шкоды, нанесенай у выніку ўхілення ад выплаты падаткаў.

На думку адваката, справа яго падабароннага расследавалася яўна неаб`ектыўна.

«Абвінавачаннем устаноўлена толькі тое, што Бяляцкі адкрыў два рахункі за мяжой, на іх паступілі грошы, а ён сам іх зняў. Больш доказаў няма, у тым ліку і таго, хто і колькі пералічваў сродкаў на рахункі Бяляцкага»,
 — заявіў ён.

Апрача таго, мяркуе Лаеўскі, абвінавачанне не даказала факт паступлення сродкаў з рахункаў Бяляцкага ў Беларусь. Такім чынам, на гэтыя сродкі не можа распаўсюджвацца рэжым замежнай гуманітарнай дапамогі і, адпаведна, яны не павінны абкладацца падаткам, заявіў адвакат.

Абарона лічыць, што

складу злачынства ў дзеяннях Бяляцкага няма.

Адвакат падкрэсліў: сродкі ад замежных арганізацый выкарыстоўваліся выключна для праваабарончай дзейнасці, Бяляцкі перадаваў іх іншым асобам, а не распараджаўся імі паводле свайго меркавання. «Мой падабаронны не атрымліваў даходаў, у яго адсутнічалі намеры атрымання эканамічнай выгады», — сказаў Лаеўскі.

Ён звярнуў увагу на тое, што звесткі аб руху сродкаў з банкаўскага рахунку Бяляцкага, на якіх будуецца абвінавачанне, не аформлены і не засведчаны належным чынам. Будаваць абвінавачанне на такіх дакументах недапушчальна, заявіў адвакат.

Апрача таго, зазначыў ён, самі звесткі нельга кваліфікаваць як атрыманыя ў выніку прававой дапамогі ад замежнай дзяржавы, таму яны не могуць быць пакладзены ў аснову доказнай базы.

Лаеўскі мяркуе, што

ў суда ёсць падставы для вынясення апраўдальнага прыгавору.
Па заканчэнні спрэчак падсуднаму далі магчымасць выступіць з апошнім словам. Алесь Бяляцкі заявіў, што падтрымлівае адваката і згодны з яго довадамі. Па словах праваабаронцы, яго крымінальную справу з самага пачатак мела палітычны падтэкст.

«Я згодны з кожным сказаным ім [адвакатам] словам. Я знаходжуся ў складанай сітуацыі, бо выдатна разумею, што гэтая справа ад пачатку і да канца мае палітычны падтэкст і нашы выступы маюць статус голасу таго, хто крычыць у пустэльні. Але тым не менш я маю, што сказаць.

І пачну з таго, што мой сябра даў мне пачытаць старую савецкую кнігу пра супрацьдзеянне КДБ праваабаронцам у СССР…

40 гадоў прайшло, але гэтыя 3 месяцы я адчуваю, што вярнуўся ў СССР. Толькі на нейкім іншым узроўні адбылася гэтая рэінкарнацыя.

Калі мы ехалі на ператрус у Ракаў, я спрабаваў разгаварыць супрацоўнікаў, чаму яны працуюць старымі метадамі.

Я не веру ў тое, што КДБ, іншыя дзяржслужбы не ведаюць, чым займаецца «Вясна».

Калі яны бачаць у нас крыніцу для сродкаў апазіцыі, гэта недапрацоўка і непрафесіяналізм. Я ў гэта не веру. КДБ добра ведае, чым мы займаемся ў Беларусі і свядома, метанакіравана працуе супраць праваабаронцаў, выкарыстоўваючы любыя метады.

Бяляцкі нагадвае, што ўсяго каля 400 арганізацыяў было зачынена ўладамі, і што «Вясну» не рэгіструюць нават пасля рашэння Камітэта па правах чалавека ААН, які знайшоў яе ліквідацыю супярэчнай міжнародным нормам,
а таксама тое, што ў 2006 годзе была ўведзеная крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
У 2011-м годзе было арганізаванае сапраўднае цкаванне «Вясны» і мяне як старшыні. У Беларусі склалася аўтарытарная ўлада, і месца для праваабаронцаў улады ня бачаць.

Шмат маіх сяброў выкінутыя з працы, пераследуюцца ў адміністрацыйным парадку ды іншым чынам. Улада пераследуе палітычных апанентаў, абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы і не дазваляе развівацца грамадзянскай супольнасці.

Улада не церпіць крытыкі, пераследуе журналістаў і праваабаронцаў.

Галоўная супярэчнасць, інтрыга бачыцца ў тым, што гэтыя дзеянні ўлады супярэчаць і Канстытуцыі Беларусі і міжнародным пагадненням.

Канстытуцыя РБ дае права на свабоду аб’яднанняў, распаўсюд інфармацыі, свабоду меркаванняў, абавязуе дзяржаўныя органы прымаць захады дзеля абароны правоў і свабодаў асобы.

Парушаюцца міжнародныя абавязкі, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Бяляцкі пералічвае правы людзей, адпаведна з Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі. «Навошта вы гэтую Дэкларацыю падпісвалі? Выйдзіце з ААН і АБСЕ — і ўсё будзе зразумела, дзе мы знаходзімся», — Бяляцкі звярнуўся да пракурора як прадстаўніка дзяржавы. «Дзяржава парушае правы звычайных грамадзянаў і такія працэсы маюць палітычны характар. Па стаўленні ўлады да праваабаронцаў можна меркаваць пра дэмакратычны характар краіны».

Бяляцкі згадвае Узбекістан, дзе сядзяць дзясяткі праваабаронцаў, Расію, дзе на Каўказе праваабаронцаў проста забіваюць, і параўноўвае з сітуацыяй у Беларусі.

Палітычны характар справы падкрэслівае і тое, які ажыятаж адбываецца тут вакол суду, і тое, як мяне з машынай ДАІ возяць з Валадаркі, і тое, што піша пра суд дзяржаўная прэса.

Інфармацыя дзяржаўных СМІ — гэта наўпроставы ціск на суд. Я рады, што шмат гаварылася пра «Вясну», бо без разумення працы праваабаронцаў у Беларусі, суду могуць быць незразумелыя матывы і дзеянні, якія тут разглядаліся».

Бяляцкі падрабязна распавядае пра статутныя мэты «Вясны»:

«Вясна» існуе 15 гадоў у вельмі няпростых умовах. Адной з асноўных нашых задачаў зьяўляецца дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў. За гэты час мы дапамаглі тысячам людзей».

Мы маем дастаткова высокі аўтарытэт, і ўсе гэтыя прэміі, якія тут агучваліся, — гэта сьведчанне той драматычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі.

Гэта міжнародныя сігналы Беларусі, што трэба нешта мяняць.

Усе гэтыя гады мы праводзілі грамадскія кампаніі: супраць смяротнага пакарання, за свабодныя выбары, мы назіралі за выбарамі 2008 і 2010 года. Мы ўдзельнічалі ў праваабарончых місіях у іншых краінах, бралі ўдзел у міжнародным назіранні за выбарамі.

Я адчуваю сябе абсалютна невінаватым. У 2011 годзе я мог выехаць за мяжу, але не зрабіў гэта», — заявіў у сваім апошнім слове Бяляцкі.

Прысуд Бяляцкаму абвесцяць 24 лістапада аб 11-й гадзіне.

Супадзенне або, але на наступны дзень, 25 лістапада, Беларусь і Расія маюць падпісаць шэраг пагадненняў у газавай сферы, у выніку якіх Беларусь атрымае танны газ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?