На аўкцыён выставілі сядзібу Чачотаў, якая пазней належала Бохвіцам, паведамляе сайт Region4. Сядзібны дом размешчаны ў вёсцы Падароск.

Пабудаваная ў сярэдзіне XIX стагоддзя сядзіба Чачотаў (Бохвіцаў) знаходзіцца на трасе паміж Ваўкавыскім і Ружанамі. На тэрыторыі сядзібы захаваўся жылы дом плошчай 120 кв. м., а таксама брама і аранжарэя.

У цяперашні час аддзел эканомікі Ваўкавыскага райвыканкама рыхтуе ўсе неабходныя дакументы для аўкцыёну, на якім мясцовыя ўлады спадзяюцца знайсці новага гаспадара гістарычнай нерухомасці.

Аўкцыён па продажы сядзібы прызначаны на 15 снежня і адбудзецца ў Гродне. Стартавая цана — 86,5 мільёна рублёў. Гэта не першая спроба Ваўкавыскіх уладаў прадаць сядзібу ў Падароску. У сакавіку 2010 года яна ўжо выстаўлялася на аўкцыён.

Продаж старадаўніх сядзібаў — не рэдкасць для Гродзенскай вобласці. Так у пачатку 2010 гады пайшоў з малатка палацава-паркавы комплекс у вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Комплекс стаў уласнасцю багатага расейскага бізнэсмэна, які выклаў за Краскі $100 тысяч. У цяперашні час у сядзібе поўным ходам ідзе рэканструкцыя.

У 2008 годзе латвійскія інвестары паспрабавалі набыць за сімвалічную плату сядзібу Свяцкіх ў пасёлку Полымя Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Але будынак сядзібы сваіх гаспадароў так і не дачакаўся. Яго таксама плануюць выставіць на аўкцыён.

А вось сядзіба графа Умястоўскага ў вёсцы Жэмыслаў Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці была выкупленая за 9,5 млн. рублёў, але пасля ўмяшання Дзяржкантролю яе вярнулі ва ўласнасць мясцовага СВК. Пасля пераацэнкі маёнтка за яго просяць больш за 1 млрд. рублёў.

У Беларусі зацверджаны план дзеянняў па перадачы невыкарыстоўваемых сядзібаў і гістарычных палацаў. Уласнікі могуць выкарыстоўваць любыя формы перадачы: бязвыплатна, на правах арэнды, а таксама купіць іх. Ад пакупніка патрабуецца захаваць аўтэнтычнасць такіх аб’ектаў, стварыць новыя працоўныя месцы, у будучыні аказваць турыстычныя паслугі.

Таксама ў бліжэйшы час на аўкцыён будзе выстаўлена сядзіба другой паловы XVIII-пачатку XX ст. у вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?