Сёння ў мяне быў няпросты працоўны дзень, які скончыўся чаканнем аўтобуса на прыпынку.
Было не цёпла, хацелася есці і спаць. На прыпынку стаялі людзі, кагосьці падбіралі на аўто знаёмыя, нехта, хто бліжэй жыве, пайшоў пехатою. Я і яшчэ адна жанчына працягвалі глядзець на мост, па якім курсавалі аўтобусы, але не ў нашым кірунку. Размаўлялі пра тыповасць сітуацыі і пра лёс.

Мы шчыра чакалі, спадзяваліся, што аўтобус затрымліваецца і, як кажа ў адным са сваіх гумарыстычных фельетонаў Міхаіл Задорнаў, «смеркалось…»

Жанчына тэлефанавала родным… родныя ў аўтапарк… Так прайшла гадзіна.

Прыйшоў наступны аўтобус, і мы паехалі дадому.

Сёлета, мабыць, большасць беларусаў даведалася пра існаванне горада Маладзечна не дзякуючы знакамітаму прозвішчу Агінскі і не дзякуючы фестывалю беларускай песні і паэзіі, які неаднаразова праводзіўся тут, а дзякуючы Дажынкам-2011. Падрыхтоўка да грандыёзнага свята пачалася вельмі рана: яшчэ не сышоў снег, наадварот, толькі лёг на зямлю, а навучэнцы школ і тэхнікумаў, прадстаўнікі працоўных калектываў рушылі на аб’екты горада. Як гэта ўсё было і чым скончылася, ведаюць, мабыць, толькі жыхары тых гарадоў, дзе гэтае свята ўжо прайшло. Мяркую, вы вырашылі, што я хачу расказаць пра Дажынкі? Зусім не, гэтая навала са шматлікімі праверкамі і бясконцымі суботнікамі скончылася, і жыхары горада ўздыхнулі з палёгкай. Пасля Дажынак горад набыў адноўлены выгляд, стаў сапраўды сучасным, як і заслугоўваў. Але, на жаль, змены адбыліся не паўсюль. У шматлікія куткі горада перабудова так і не дайшла. Зразумела, эканамічны крызіс, якога ў нас няма, прыпаў на час падрыхтоўкі свята, ды і на само свята таксама. Магчыма, гэтая акалічнасць не дала здзейсніцца запланаваным марам архітэктараў. Не ведаю, можа, гэта і добра, гледзячы на некаторыя скульптурныя і архітэктурныя рашэнні. Але вернемся да шматлікіх куткоў, куды не дайшла перабудова.

У кожнага горада ёсць экскурсійны маршрут, ёсць нават вялікія маршруты, якія не абмяжоўваюцца адным горадам, напрыклад, «Залатое кальцо Рассіі» ці Астравецкая кругасветка.

А ў нашым горадзе дзякуючы «дажынкаўскім» перабудовам, з’явіўся аглядны маршрут № 7,
які пачынае рух з прыватнага сектара Залінейнага раёна, ці проста, як кажуць мясцовыя, Лясных, і заканчвае на іншым канцы горада, дзе размешчаны хлебазавод. Кожны дзень, збіраючы жыхароў прыватных і шматпавярховых дамоў, аўтобус № 7, перакульваючыся з яміны ў яміну, павольна рушыць да чыгуначнага пераезду, дзе можа затрымацца і на паўгадзіны дзякуючы цягніку, таму што аўтобус прапускае транспарт, бо знаходзіцца не на галоўнай дарозе. Чаму так падрабязна кажу? Каб вы адчулі ўсю павольнасць дзеяння і «прыгажосць» жыцця. Пераваліўшыся праз пераезд, аўтобус заязджае на мост, скаціўшыся з якога, трапляе на вакзал, і менавіта тут мне хочацца ўстаць і сказаць:

— Паважаныя маладзечанцы і госці другой культурнай сталіцы Мінскай вобласці, далучайцеся да нашай кампаніі. Усяго за 1100 бел. рублёў вы маеце магчымасць пазнаёміцца з цэнтрам адноўленага горада Маладзечна ў рэальным асяроддзі. Дзякуючы прысутнасці мясцовых жыхароў вы арганічна ўпішацеся ў павольнае жыццё горада Маладзечна: завітаеце на фабрыку мастацкіх вырабаў, Палац культуры, Стары базар, Гарадскую паліклініку, Гарадскі парк, зноў Палац культуры, Музычнае вучылішча імя Агінскага, Тэатр Батлейка, Драматычны тэатр, Стадыён і ўрэшце набудзеце смачнае печыва на хлебазаводзе. Абавязкова застаняцеся задаволенымі, бо вы не мясцовы жыхар, які павінен кожны дзень ездзіць на працу і з працы на такім доўгім марудным маршруце…

За савецкім часам з так званых гістарычна Лясных курсавалі тры маршруты, падвозячы жыхароў раёна ў розныя пункты горада. Цяпер два. Другі, № 15, — проста падарунак багоў, дзякуючы, мабыць, малітвам дэпутата, з’явіўся на нашых абшарах не надта даўно, ходзіць не вельмі часта, але стабільна і па графіку, у адрозненне ад першага. Галоўнае, што асноўная транспартная артэрыя для пасажырскага транспарту (вуліца Прытыцкага) дзякуючы Дажынкам стала цалкам пешаходнай (цяпер на ёй працуе кругласутачная выстава паркавых лавак). Можна пешшу прайсці ад вакзала да Цэнтральнай плошчы, далей да парку і за 10 хвілін атрымаць асалоду ад шпацыру.

Але, на жаль, не атрымаеш асалоды, стоячы на прыпынку на холадзе, калі яшчэ не прыходзіць аўтобус, які чамусьці знік з маршруту, а наступны аўтобус па графіку марудна пятляе па цэнтры.
І гэта маршрут № 7! Народ цярпеў і сцерпіць усё, у тым ліку і адсутнасць пад’езду транспарту да чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў амаль 5 месяцаў. Праўда, спрабавалі пусціць часовы маршрут, але ніхто не ведаў, калі яго лавіць — раскладу не было. Знялі маршрут, бо стала нерэнтабельна. Скончыліся Дажынкі і што далей? Зразумела, што не хапае аўтобусаў, кіроўцаў, кандуктараў, а ў людзей не хапае цярпення, тэлефануючы ў аўтапарк, даведацца, што ўсе аўтобусы на маршруце, а калі ёсць праблемы, «можаце прыехаць і напісаць заяву…» Смешна. Па-першае, я, напрыклад, не люблю скардзіцца; па-другое, адагрэўшыся ў хаце, забываешся пра нейкае стаянне на прыпынку; па-трэцяе, супрацоўнікі аўтапарка ўжо прызвычаілася да скаргаў. Дык што рабіць? Мне не хочацца наводзіць гнеў адміністрацыі горада на журналістаў мясцовых дзяржаўных часопісаў, разумею: такі матэрыял ім забаронена друкаваць, у горадзе ўсё «супер», асабліва пасля свята. Толькі кожны дзень я чую такія размовы…

— Скажыце, ну хто прыдумаў перакрыць гэту вуліцу, чаму так бяздушна зрабілі?

— Я хутчэй да хаты дайду, чым круціцца на сямёрцы.

— Немагчыма трываць такі марудны рух…

— Гэта што, для людзей зроблена?..

Уводзячы аб’язны маршрут, ніхто не правёў апытання жыхароў раёна. Зразумела, стары раён, старыя жыхары,
яны не карыстаюцца інтэрнэтам, не выходзяць на сайт гарвыканкама, не пішуць у газету, не сядзяць пад кабінетам дырэктара аўтапарка, яны проста чакаюць доўгі маршрут № 7. Ім хочацца хутчэй даехаць да паліклінікі, да рынку, моладзі трэба хутка на працу, а не кружляць па горадзе, забраць пасля працы дзяцей з садка, хутчэй дадому, але хутчэй не атрымліваецца.

Дык вось, дарагі ты мой чалавеча, той, хто прыдумаў перакрыць вуліцу Прытыцкага, магчыма, і той, хто прыдумаў такі маршрут для аўтобуса нумар 7 (таму што пасля перапланіроўкі гораду аўтобус-«гармонік» на вузкіх вуліцах не вывернецца на паваротах), ці не прыйшло вам у галаву больш разумнае рашэнне і наконт вуліцы, і наконт маршруту? Кажаце, эксперыментальны запуск маршруту. Ну-ну… Эксперыментаў за лета было шмат. Вярніце шыльды на прыпынкі па ўсім горадзе, якія зніклі перад Дажынкамі, гэта, зразумела, дорага, дык раздрукуйце расклад маршруту хоць часова на камунальных плацёжках альбо прадайце расклад людзям у аўтобусе і зрабіце што-небудзь з гэтым маршрутам! Відавочна, што патрэбна раздзяліць яго неяк ці праз вакзал і міма вакзала, ці пусціць часцей маршрут № 15, зрабіць своечасовае курсаванне аўтобусаў, каб людзі ведалі і былі ўпэўненыя, што аўтобус прыйдзе. А то атрымліваецца, што нейкі адзін аўтобус знікае з маршруту і круглы год курсіруе па селькагаспадарчых патрэбах.

Зрабіце хоць нешта!
Людзі будуць вам удзячныя, а так атрымліваецца нейкі здзек з жыхароў Залінейнага раёна: жывем за нейкай сапраўднай лініяй і кожны дзень выязджаем на эксперыментальнае заданне. Бясконцае чаканне і цярпенне… Японцы, мабыць, «адпачываюць» са сваёй медытацыяй. Вось дзе яшчэ змалку выпрацоўваецца генетычнае народнае цярпенне — на маршруце нумар 7! Мяркую, такіх маршрутаў знойдзецца шмат па ўсёй Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?