24 лістапада зняволенага сябра БХД Яўгена Васьковіча, які зараз утрымліваецца ў турме № 4 горада Магілёва, наведаў адвакат.
Васьковіч нарэшце выйшаў з карцара, дзе ўтрымліваўся цэлы месяц. Яўген распавёў пра лісты падтрымкі, «візіт» у іх турму Андрэя Саннікава і сваё жаданне сустрэцца са святаром.

Як паведаміў прэс-службе БХД адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, адвакат сустрэўся з Яўгенам Васковічам у 2-й палове дня: «Васьковіч ужо выйшаў з карцара, знаходзіцца ў камеры з трыма іншымі зняволенымі. Скаргаў на ўтрыманне і сукамернікаў Яўген не мае. Пасля выхаду з карцара яму перадалі пачак газетаў і лістоў, што прыйшлі на яго імя. З іх Васьковіч адзначыў ліст ад Паўла Севярынца:

унутры каперэты, падпісанай Севярынцам, ляжаў чысты ліст паперы з адзнакай, што перапіска паміж Васьковічам і Севярынцам забароненая».

Толькі з газетаў Яўген Васьковіч даведаўся, што ў іх турму прывозілі Саннікава. Ніхто са зняволеных яго не бачыў.

Саннікава трымалі ў асобным боксе, як «вельмі важную асобу». Кантактаваць з ім, паводле інфармацыі Васьковіча, было немагчыма.

Таксама Яўген Васьковіч напісаў заяву пра спатканне з каталіцкім святаром. «Настрой у яго бадзёры, ён адрасціў бакенбарды. Перадаваў прывітанне і падзяку за падтрымку», — адзначыў Садоўскі.

Нагадаем, Яўгену Васьковічу за пастаянныя «парушэнні» рэжым утрымання змянілі з агульнага на ўзмоцнены і перавялі ў крытую турму № 4 горада Магілёва. А там яго цэлы месяц, ад 19 кастрычніка да 19 лістапада, пратрымалі ў карцары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?