Пра гатоўнасьць ЭЗ пачаць перамовы пра пашыранае пагадненьне з Украінай было заяўлена ў заключэньнях паседжаньня Рады ЭЗ па агульных пытаньнях і зьнешніх адносінах, што адбылося 22 студзеня ў Брусэлі.
«Эўразьвяз прызнаў эўрапейскія імкненьні Ўкраіны», — стаіць у дакумэнце. «У прынятых 21 лютага 2005 г. заключэньнях Рады ЭЗ і Пляне дзеяньняў ЭЗ‑Украіна Эўразьвяз павітаў эўрапейскі выбар Украіны», — адзначаюць міністры дзяржаваў‑сябраў ЭЗ. «ЭЗ прызнае і вітае прагрэс, зроблены Ўкраінай у справе кансалідацыі дэмакратыі», — падкрэсьліваецца ў заключэньнях Рады.
Эўразьвяз гатовы падтрымліваць палітычныя і эканамічныя рэформы ўва Ўкраіне. З дапамогай новага пашыранага пагадненьня «ЭЗ імкнецца пабудаваць яшчэ больш блізкія стасункі з Украінай, накіраваныя на паступовую эканамічную інтэграцыю і на паглыбленьне палітычнага супрацоўніцтва», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
Разам з тым новае пагадненьне «не прадвызначае іншых шляхоў разьвіцьця адносінаў паміж Украінай і ЭЗ, магчымых у будучыні», — сьцьвярджаюць эўрапейскія міністры.
Рада ЭЗ і Эўрапейская Камісія нагадваюць, што на сьнежаньскім саміце ЭЗ было вырашана яшчэ больш «умацаваць Эўрапейскую палітыку суседзтва для кансалідацыі кола дабрабыту, стабільнасьці і бясьпекі, якое зацьверджваецца ў дзяржавах‑суседзях ЭЗ і заснаванае на правах чалавека, дэмакратыі і вяршэнстве закона».
Рашэньне пра пачатак перамоваў наконт заключэньня новага пашыранага пагадненьня паміж ЭЗ і Ўкраінай было прынятае на хельсынскім саміце Ўкраіна‑ЭЗ (27 кастрычніка 2006 г.). Перамовы павінны стартаваць на пачатку 2007 г.
Чакаецца, што новае пагадненьне будзе ахопліваць увесь спэктар адносінаў паміж бакамі. У прыватнасьці, пагадненьне прадугледзіць стварэньне зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ.
На сёньняшні дзень паміж ЭЗ і Ўкраінай дзейнічае Пагадненьне пра партнёрства і супрацоўніцтва, тэрмін дзеяньня якога сканчваецца ў 2008 г.