У аўтобусным парку Баранавічаў працуюць і старыя і новыя аўтобусы. Фота Intex-press.by

У аўтобусным парку Баранавічаў працуюць і старыя і новыя аўтобусы. Фота Intex-press.by

 Вакол адміністрацыі парка і сапраўды навялі прыгажосць. Фота Barautopark.by

Вакол адміністрацыі парка і сапраўды навялі прыгажосць. Фота Barautopark.by

«Кіроўцы на іншых прадпрыемствах атрымліваюць не менш за нас, але мы не дровы возім, а людзей — адказнасць большая», — напісаў у «НН» кіроўца баранавіцкага аўтобуснага парка. Ён піша, што заробкі ў кіроўцаў складаюць каля 2 мільёнаў, іх не падвышалі ад апошняй дэвальвацыі. Яшчэ адна праблема — адсутнасць запчастак і рамонтных камплектаў. «Кіраўніцтва парка і займаецца тым, што парадкуе тэрыторыю. Але дакладна як у краіне: толькі каб звонку ўсё прыгожа, а што ў сярэдзіне бардак — нікога не цікавіць».

Аўтар ліста падкрэсліў, што кіроўцы не могуць страйкаваць. «Праблем шмат, але ці будуць яны вырашаныя?» — задаецца пытаннем кіроўца.

Тэма заробкаў аўтобуснага парка фігуравала сёлета ў мясцовай прэсе. Газета «Іntex-press» пісала ў ліпені са спасылкай на адміністрацыю парка, што сярэдні заробак кіроўцаў складае каля 2,2 млн рублёў. На сайце выдання пад тым артыкулам разгарэлася дыскусія. Многія чытачы пісалі, што памер заробку, указаны ў тэксце, завышаны. «Пра якія 2,2 млн. размова? Я працую там практычна без выходных і максімум, што мне налічваюць — 1,5 млн», — напісаў адзін з чытачоў. Іншыя згадвалі праблему састарэлага парка аўтобусаў.

У адміністрацыі парка карэспандэнту «НН» паведамілі, што агучаныя ў лісце праблемы не маюць пад сабой грунту. Там расказалі, што сярэдні заробак кіроўцаў аўтобусаў у кастрычніку склаў каля 2,7 мільёнаў. Няма і праблем з рамонтнымі камплектамі і запчасткамі. «Калі хтосьці з кіроўцаў у часе рэйса сутыкаецца з сур’ёзнай паломкай, мы высылаем яму іншы аўтобус, таму ніхто не губляе ў заробках на прастоях», — запэўнілі ў аўтапарку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?