Кампанія РБК абвесьціла пра свой намер патраціць больш як $120 млн на разьвіцьцё гэтак званага «недзелавога сэгмэнту». Большая частка гэтай сумы будзе растрачаная ў 2007 г. на такія праекты, як онлайн‑геймінг, забаўляльныя парталы, сайты знаёмстваў, блогі.

Таксама мяркуецца, што сродкі кампаніі пойдуць на новыя набыткі. Блізка $10 млн кампанія зьбіраецца патраціць на разьвіцьцё новых тэхналёгіяў для онлайн‑мэдыя. У самой кампаніі адмовіліся ад падрабязных камэнтароў, аднак, як заявіў газэце «РБК‑daily» старшыня рады дырэктараў ААТ «РБК Информационные Технологии» Герман Каплун, у новых праектах кампанія мае намер атрымліваць 75% прыбытку ад рэклямы і яшчэ 25% — ад платных сэрвісаў. Паводле заявы кампаніі, РБК спадзяецца да 2010 атрымаць ад «недзелавых» інтэрнэт‑праектаў заработак у $70—100 млн.

Інвэстыцыі ў расейскі сэгмэнт Інтэрнэту апошнім часам бойка растуць.

Больш за тое, павялічыўся інтарэс да прыватных сэрвісаў — да тых праектаў, якія маюць дачыненьне да пэрсанальнай творчасьці наведнікаў сеткі.

Нагадаем, у студзені г.г. паўднёваафрыканская кампанія Naspers набыла за $163 млн 30% расейскага парталу Mail.Ru. Акром таго, улетку кампанія SUP набыла ў SixApart расейскі сэгмэнт ЖЖ за $20 млн. Тут расейскі сэгмэнт выступае цалкам у рэчышчы сусьветнай інтэрнэт‑моды — напрыклад, у сьвеце таксама адзначаецца рост інтарэсу да блог‑сэрвісам. Аўстралійскі мэдыямагнат Рупэрт Мэрдак заплаціў летась найбуйнейшы блог‑праект у сьвеце MySpace $580 млн.

«Заява РБК зьвязаная і з прыходам Naspers, і з SUPам», — мяркуе дырэктар па блогах SUP‑Fabrik Антон Носік. Апроч таго, як ён уважае, такім чынам публічная кампанія ня так паведамляе інвэстараў пра намеры, як здае справу ў тым, што ўжо зроблена, бо ж РБК ня будзе запускаць свой недзелавы суб’ект «з нуля». У верасьні 2005 г. кампанія надбала кантроль над фатахостынгам Photofile.Ru. Тады сама РБК набыў партал жартаў Anekdot.Ru. РБК таксама ладзіць уласны блог‑праект BlogOnLine.Ru. Таксама, паводле чутак, менавіта РБК стаіць за прасоўваньнем парталу знаёмстваў LovePlanet.Ru, аднак афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьвярджаецца.

Інтарэс інвэстараў да падобных сэрвісаў зьвязаны з тым, што рынак рэклямы ў Інтэрнэце ў Расеі вельмі бойка расьце. Паводле зьвестак агенцыі MindShare Interaction, аб’ём рынку інтэрнэт‑рэклямы ў Расеі ў 2006 г. дасягнуў $187 млн. Паводле экспэртаў агенцыі, рынак можа вырасьці ў 2007 г. і да $300 млн. Што праўда, экспэрты, абмяркоўваючы прыход грошай у расейскі Інтэрнэт, пачалі былі гаварыць пра тое, што гэта можа стацца пачаткам чарговай «віртуальнай бурбалкі» — менавіта паводле падобнага сцэнару разьвіваўся інтэрнэт‑рынак пры канцы 90‑х.

Аднак затым агромны лік сеткавых праектаў, якія разьлічвалі на заробкі ад рэклямы, згалелі, што на колькі гадоў падарвала інтарэс інвэстараў да гэтага сэгмэнту.

Меркаваньні экспэртаў адносна неабходных рынку аб’ёмаў інвэстыцыяў падзяліліся. Адмыслоўцы мяркуюць, што блогерскія праекты ды сайты знаёмстваў будуць разьвівацца і надалей, прыносячы пэўны прыбытак. Затое пэрспэктывы геймерскага напрамку цяпер цяжка ацаніць.

У сетцы цяпер прысутнічае мноства розных гульнявых парталаў, аднак іхная рэнтабэльнасьць пакуль сумнеўная.

Даволі пэрспэктыўным можа быць і разьвіцьцё азардлівых гульняў у сеціве — пастанова расейскіх уладаў вытурыць гульнявыя ўстановы з гарадоў непазьбежна патурацьме інтарэсу гульцоў да інтэрнэт‑сэрвісаў. Аднак гэты сэгмэнт рызыкоўны перадусім дзеля таго, што правілы гульні дзяржавай ня вызначаныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?