Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сустрэўся ў Вільні з міністрам замежных спраў Літвы Аўдронюсам Ажубалісам.
Лябедзька пераказвае словы Ажубаліса: Літва да апошняга мела спадзеў, што афіцыйны Мінск зробіць крок насустрач і Літве, і ЕС, і што сітуацыя ня дойдзе да таго, каб Бяляцкі трапіў за краты.
Па словах Лябедзькі, Ажубаліс заявіў: Літва адчувае адказнасць за тое, што адбылося з Бяляцкім, і «без пазітыўнага вырашэння пытання палітвязняў нельга вярнуцца ў нішу стасункаў паміж Брусэлем і Мінскам, якія былі на 19 снежня».
Кіраўнік АГП і міністр замежных спраў Літвы таксама абмеркавалі будаўніцтва Беларускай АЭС. «Поўнае супадзенне поглядаў — гэты праект не вырашае праблемаў, а толькі стварае новыя», — канстатаваў Лябедзька.
24 лістапада суддзя Першамайскага суда Мінска Сяргей Бандарэнка пакараў кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага чатырма з паловай гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Суд прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Банкаўскія звесткі Бяляцкага афіцыйнаму Мінску перадалі Літва і Польшча.