Два месяцы таму Віктар Мезяк купіў машыну. Да гэтага не сядзеў за рулём больш за чатыры гады, тамы савецкія правы 1991 году давялося абнавіць. У ДАІ Віктар адразу адзначыў пажаданьне: хачу, маўляў, каб усё было па‑беларуску. І тут аказалася, што зрабіць гэта ня гэтак лёгка: з 2003 году па ўсёй краіне правы выдаюцца толькі па‑расейску з ангельскай транскрыпцыяй. Гэта нават выглядае нязграбна: словы «імя», «прозьвішча» і г.д. напісаныя па‑беларуску, а вось запаўняецца картка ўжо па‑расейску. Да 2003 году, дарэчы, усё было па змоўчаньні на беларускай мове.

— Спадар Мезяк прыехаў да нас, патлумачыў усё — і мы адразу пайшлі насустрач, — расказвае намесьнік начальніка РЭА рэспубліканскай ДАІ Яўген Карповіч. — І хоць за беларускай мовай людзі зьвяртаюцца нячаста, вырашаем такія пытаньні з ходу.

Пасьля «адмашкі» менскага начальства сталічныя праграмісты зьвязаліся з баранавіцкімі калегамі.

— Мы ня мелі права самі ўмешвацца ў кампутарную праграму, — прызнаецца начальнік МРЭА Баранавіцкай ДАІ Андрэй Блахін, — таму і раіліся зь Менскам. Калі атрымалі дабро, мы на гадзіну спынілі выдачу пасьведчаньняў кіроўцы, пераладзілі праграму на беларускі шрыфт і выдалі Віктару Мезяку правы на беларускай мове. Пасьля гэтага мы пераладзілі праграму назад на расейскую мову.

Цяпер у Баранавічах гатовыя да беларускамоўных кіроўцаў. І калі знойдуцца яшчэ ахвотныя, непакоіць сталічнае начальства ўжо не давядзецца.

‑ Праўда, дзьве граматычныя памылкі ўсё ж зрабілі, — усьміхаецца Віктар. — Замест «Брэсцкая вобл.» напісалі «Брэсцкая обл.». І «взамен» напісалі па‑руску. Але нічога. Я нашым даішнікам усё роўна ўдзячны за разуменьне!..

Фота і тэкст — «Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0