Арганізатары канцэрту Лявона Вольскага ў Брэсце сутыкнуліся з праблемай. Пасля тэлефанавання зверху за некалькі гадзін да пачатку адміністрацыя ўстановы вымушаная была адмяніць мерапрыемства.
У тэрміновым парадку атрымалася знайсці іншую залу. Вольскі даў канцэрт у грэка-каталіцкім касцёле. Наступны выступ музыкі будзе ў не менш цікавым месцы — Лявон сыграе ў легендарнай піцерскай «Камчатцы». З гэтай нагоды ён нават падумвае пераспяваць па-беларуску Цоя.

У Брэст Лявон Вольскі заехаў пасля шэрагу канцэртаў у Еўропе. Музыка выступаў у Празе, Берліне і Беластоку. Прадстаўляў праграму з найлепшых песень з усіх праектаў, да якіх меў дачыненне: ад «Мроі» пачынаючы і «Саўкам ды Грышкам» заканчваючы. Канцэрты былі акустычнымі, у падарожжа Лявон выправіўся разам з гітарыстам Алегам Гарусам і Мацеем Сабуравым, які дапамагаў з гукам ды падыгрываў часам на тамбурыне.

У Брэсце музыку чакалі. 25 лістапада тут была запланаваная імпрэза ў кавярні «Сваякі». Арганізатар рок-канцэртаў у гэтым горадзе Зміцер Назараў кажа, што пасля шэрагу забаронаў яго імпрэзаў у вялікіх залах ён абраў фармат невялікай сяброўскай сустрэчы. Але і такое пільнуюць. «У дзень канцэрту гаспадар кавярні патэлефанаваў і паведаміў, што вечарыну не будзем праводзіць. Хоць да гэтага моманту ён быў зусім не супраць, ды і ўсе столікі былі ўжо замоўленыя», — кажа Зміцер. На дырэкцыю ўстановы ён не наракае і разумее, што тыя мусяць выконваць «пажаданні» зверху, каб не пазбавіцца свайго бізнэсу.

«Нешта зусім сталі перагінаць з гэтымі забаронамі, — кажа Лявон Вольскі. — Вайцюшкевічу сарвалі невялічкі выступ, цяпер нам паспрабавалі. Смешнымі выглядаюць гэтыя спробы. Мне, па шчырасці, шкада дурных і бездапаможных людзей, якія займаюцца такімі рэчамі». У апошні момант яго канцэрт атрымалася перанесці ў залу грэка-каталіцкага касцёла. Са словаў музыкі, выступ атрымаўся проста выдатным: «Спачатку была невялічкая насцярога, мы нават думалі падкарэктаваць праграму, бо не разлічвалі граць у саборы. Але па выніку атрымалася ўсё вельмі арганічна. Прыйшло шмат людзей, нас вельмі прыязна сустрэлі і мы выканалі ўсё, што планавалі».

Цяпер музыка рыхтуецца да выступу ў легендарнай «Камчатцы». 3 снежня Лявон адыграе канцэрт у клубе-музеі «Котельная Камчатка» ў Пецярбургу. З гэтай нагоды ён нават падумвае зрабіць беларускую версію адной з песень Віктара Цоя. «Мы заўжды імкнемся разнастаіць праграму на кожным канцэрце, бо немагчыма граць адно і тое ж», — кажа Лявон.

На канцэрт Вольскага ды экскурсію па беларускім Пецярбургу можна выправіцца разам з турыстычным агенцтвам «Дэльфін-груп». Падрабязней праз тэлефоны +375-29-708-95-18, +375-44-710-43-68.

А 8 снежня Вольскага пабачыць і пачуць можна будзе на сольным канцэрце ў Варшаве, у клубе Spoldzielnia CDQ (Burakowska, 12).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру