Нарвежскія псіхіятры прыйшлі да высновы, што Андэрс Брэйвік, які ў ліпені забіў 77 чалавек, быў неадэкватным у момант здзяйснення злачынства.
Лекары выявілі ў Брэйвіка паранаідальную шызафрэнію. Ён унушыў сабе, што абраны для выратавання нарвежскага народа і надзелены правам вырашаць, хто павінен жыць, а хто павінен памерці, гаворыцца ў дыягназе псіхіятраў.
Тым не менш, суд над Брэйвікам усё роўна адбудзецца, але, хутчэй за ўсё, ён будзе адпраўлены ў псіхіятрычную лякарню, а не ў турму.
Раней Брэйвік прызнаў, што, пераапрануўшыся ў форму паліцэйскага, ён усталяваў бомбу ў аўтамабілі, які выбухнуў паблізу ўрадавага будынка ў Осла. Пры гэтым загінулі восем чалавек.
Затым ён паехаў на выспу Утоя, дзе кіруючая Працоўная партыя Нарвегіі праводзіла летнік для моладзі. У ходзе крывавай бойні, якая доўжылася больш за гадзіну, Брэйвік застрэліў 69 маладых людзей, 151 чалавек атрымаў раненні.
Паводле следства, Брэйвік планаваў і іншыя напады.