Гандлёвыя арганізацыі Мінска правядуць больш за 2,5 тыс. пераднавагодніх і калядных мерапрыемстваў,
паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама са спасылкай на галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку.

У іх ліку: прыкладна 550 выстаў-дэгустацый харчовых тавараў; прыблізна 1.000 выстаў-продажу кулінарных, кандытарскіх вырабаў; больш за 300 выстаў-продажу і распродажаў нехарчовых тавараў; больш за 370 рэкламных акцый з уручэннем пакупнікам падарункаў і сувенірнай прадукцыі пры пакупцы, з розыгрышам прызоў; больш за 370 распродажаў нехарчовых тавараў са зніжэннем рознічных цэн за кошт змяншэння гандлёвых надбавак магазінамі і адпускных цэн прадпрыемствамі-вытворцамі.

Месцы правядзення — універмагі, універсамы, гандлёвыя арганізацыі буйнога і сярэдняга фармату, фірменныя і спецыялізаваныя магазіны горада.

У кожным магазіне камплектуюцца навагоднія падарункі паводле заявак прадпрыемстваў і ўстаноў і ажыццяўляецца іх водпуск па безнаяўным разліку.

Таксама гандлёвымі арганізацыямі прапаноўваецца разнастайны асартымент навагодніх баулаў у маляўнічым афармленні вагой ад 130 г да 2,5 кг коштам ад 10 да 214 тыс. рублёў вытворчасці СААТ «Камунарка», СП ААТ «Спартак», ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч».

Буйнымі ўнівермагамі горада да Каляд і Новага года праводзяцца акцыі, распродажы з дэманстрацыяй мадэляў і зніжэннем цэн, рэкламныя гульні з уручэннем падарункаў і прызоў.
У кожным прадпрыемстве запланавана правесці ад 30 да 50 мерапрыемстваў.

Арганізаваны продаж прадукцыі вядучых беларускіх вытворцаў, а таксама імпартных тавараў (швейныя, трыкатажныя, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, абутак, скургалантарэя, тэлерадыётавары, бытавая тэхніка, сувеніры, ювелірныя вырабы і многае іншае) са зніжкай 10–50%.

ЦУМ «Мінск» прадае швейныя вырабы са зніжкай да 55%. ГД «На Нямізе» — гадзіннікі, галантарэйныя і культтавары, электраапаратуру, тэлевізары, прайгравальнікі, печы ЗВЧ са зніжкай 15–30%. Універмаг «Беларусь» — радыётавары, асобныя мадэлі дзіцячых швейных вырабаў са зніжкай 5%. УП «Кірмаш» — абутак, швейныя вырабы са зніжкай 3–20%. Магазін «Падарункі» — трыкатажныя тавары, ювелірныя вырабы і іншае са зніжкай 10%.

На Камароўскім рынку фірменны магазін УП «Мінскі холадакамбінат № 2» прапаноўвае мяса птушкі і паўфабрыкаты са зніжкай 12%, шэсць відаў марожанага са зніжкай 10%, РУП «Мінск Крышталь» — віны вінаградныя малдаўскія разліву «Крышталя» са зніжкай да 15% і г.д.

Як паведаміла прэс-служба, «для стварэння святочнага настрою пакупнікоў і гасцей сталіцы з 20 па 31 снежня на тэрыторыях, якія прылягаюць да ўнівермагаў і буйных гандлёвых аб’ектаў, будуць праводзіцца мерапрыемствы з удзелам казачных і навагодніх персанажаў, якія будуць запрашаць наведаць аб’екты гандлю і грамадскага харчавання».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?