28 лістапада — роўна год, як Ігар знаходзіцца за кратамі. Спачатку яго выкралі з Расіі. А пасля судзілі тут, у Беларусі. І тэрмін ён атрымаў зусім немалы — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У дадатак канфіскавалі аўто.

Па словах мамы Валянціны Аліневіч, сын атрымаў такі тэрмін за тое, што адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ. Тройчы.

Спачатку маладому чалавеку прапанавалі выехаць за мяжу і стварыць там арганізацыю, якой кіравалі б з Беларусі.
Затым — працаваць на спецслужбы хакерам з-за мяжы. А калі і гэты варыянт Ігар не прыняў, каб быў тут, пры КДБ. Усё роўна не заладзілася.

Аліневіч адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі. У прамысловым раёне. Вокны яго камеры выходзяць на «Нафтан». З другога боку знаходзіцца іншае прадпрыемства — «Палімір». Па словах Валянціны Міхайлаўны, на ўсю калонію расце толькі адно дрэва. Але і тое хворае.

Працы амаль няма. «Спадарожнікі касмічныя тут чамусьці не збіраюць», — іранічныя словы сына перадае яго маці (да арышту Ігар працаваў у гэтай галіне).

Аліневіч хацеў атрымаць працоўную спецыяльнасць за кратамі, але не дазволілі.
Свабодны час аддае спорту (стараецца штодня па гадзіне бегаць, абліваецца халоднай вадой) і чытанню.

Ігару шмат пішуць. Сябры, знаёмыя і незнаёмцы. Але не ўсе лісты да яго даходзяць. І несвоечасова. Так, у лістападзе аддалі пачак допісаў яшчэ за жнівень.

За ўвесь час малады чалавек толькі адзін раз патэлефанаваў бацькам.
Адміністрацыя калоніі тлумачыла тым, што няма магчымасці. Маўляў, асуджаных надта шмат, якія хочуць тэлефанаваць. Незразумела было і са спатканнем, як расказала Валянціна Міхайлаўна. Нейкі час Ігару не падпісвалі адпаведны дазвол. А 18 лістапада бацькі атрымалі ліст, датаваны яшчэ першым чыслом, што на 19 лістапада дазволілі спатканне на 1,5 дня. Бацькі тэрмінова сабраліся і выехалі.
Падтрымаць маладога чалавека можна лістом: 211440 Віцебская вобл.,

г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, папраўчая калонія № 10.

***

Ігар Аліневіч быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па справе мінскіх анархістаў.

Яго абвінавацілі ў арганізацыі шэрагу акцый у 2009–2010: антымілітарысцкага шэсця пад Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла», падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка», нападзе на пасольства Расіі ў Мінску, нападзе на ізалятар на Акрэсціна.
Вінаватым сябе не прызнаў. Прашэнне аб памілаванні не прапаноўвалі напісаць, але не збіраецца яго і падпісваць. Праваабаронцамі залічаны да палітвязняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?