Заснаваная шчэ ў глыбокім СССРы, суполка яднала беларускіх патрыётаў Гомеля.

Гісторыя «Талакі» пачалася ў 1986 годзе, калі мужа і жонку Таццяну Сапач і Сяргея Дубаўца, выпускнікоў журфака БДУ, размеркавалі на працу ў Гомель.
Таццяна і Сяргей яшчэ студэнтамі ў Менску наведвалі «Майстроўню» — суполку, з якой пазней паўстала менская «Талака», размаўлялі па-беларуску, што было нечуваным для тых часоў.

Сяргей і Таццяна былі захоплены ідэяй распаўсюду шырокага талакоўскага руху па ўсёй Беларусі. Яны марылі стварыць у кожным абласным цэнтры такія арганізацыі, якія б займаліся адраджэннем беларускай мовы, традыцыйнай культуры, вывучэннем беларускай гісторыі. Варта зацеміць, што суполкі з назвай «Талака» паўсталі толькі ў Менску і Гомелі, і ўжо пазней арганізацыі падобнага накірунку дзейнасці ўзніклі ў Гародні — называліся «Паходня», і ў Віцебску — «Узгор’е».

У Гомелі між тым ужо некалькі гадоў да таго існавала кола маладых творчых людзей, якія цікавіліся беларускай гісторыяй, краязнаўствам.
У якасці валанцёраў, яны, некалькі разоў ездзілі ў Ветку, дзе працавалі над добраўпарадкаваннем памяшкання і тэрыторый, якія зараз з’яўляюцца Веткаўскім музеем.
Шляхі гомельскіх аматараў краязнаўства і сям’і Дубаўцоў перакрыжаваліся ў красавіку 1986 года. Гэтая дата і можа лічыцца датай заснавання «Талакі».
Сяргей Дубавец прапанаваў гомельскім актывістам Алесю Яўсеенку, Алегу Чыжу, Ларысе Сімаковіч ды іншым пачаць рэгулярна збірацца ў памяшканні газеты «Гомельская праўда» і заснаваць «Клуб маладых журналістаў» пры рэдакцыі газеты.

Неўзабаве галоўнага рэдактара «Гомельскай праўды» Лазько выклікалі ў гаркам партыі і загадалі выгнаць «недабітых нацыяналістаў» з памяшкання рэдакцыі. Тады актывісты выкарысталі «дах» Таварыства аховы помнікаў культуры.

Калі пачалася перабудова, гарадскія ўлады прапанавалі на выбар некалькі памяшканняў пераважна ў якіх-небудзь дзяржаўных установах. Талакоўцы адмовіліся, бо збіраліся ўвечары, а дзяржаўныя ўстановы зачыняліся пасля заканчэння працоўнага дню. А вось

закінутае бомбасховішча па вуліцы Першамайская талакоўцы ўпадабалі адразу. Надалей дасціпныя сябры арганізацыі называлі месца для сходаў «талакасховішчам». Памяшканне добраўпарадкавалі, ачысцілі ад смецця, аздобілі карцінамі, ручнікамі, абразамі і нават ліштвамі (са знесеных старых дамоў Гомеля) і пачалі рэгулярна збірацца шточацвер, а 19.00.
На «Талацэ» амаль адразу быў уведзены моўны рэжым: размаўляць толькі па-беларуску, бо на пасяджэнні прыходзіла багата людзей, якія ў штодзённым жыцці размаўлялі па-расейску. На пасяджэннях талакоўцы слухалі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, развучвалі традыцыйныя беларускія спевы. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці «Талакі» на той час былі вывучэнне, даследаванне, папулярызацыя краязнаўства, этнаграфіі, фальклора, гісторыі (перадусім Гомельшчыны), а таксама экалогія, абарона ад у гэтым плане руйнавання архітэктурных помнікаў і старых будынкаў. Талакоўцы пачалі збіраць прыгожыя старыя ліштвы з вакон дамоў, што руйнаваліся па вуліцы Старачарнігаўская, Нова-Палеская.

Рэкрутавалі сябраў арганізацыі пераважна праз асабістыя кантакты.

Шмат студэнцкай моладзі прыйшло ў арганізацыю пасля таго, як талакоўцы паўдзельнічалі ў археалагічных раскопках старажытнага Гомеля пад кіраўніцтвам археолага Алега Макушнікава.

Талакоўцы настойліва патрабавалі ад «Таварыства аховы помнікаў культуры і гісторыі» павесіць шыльды «Ахоўваецца дзяржавай» на старыя будынкі горада. Талакоўцы і самі выраблялі і замацоўвалі такія шыльды.

Паказальнай ёсць гісторыя, якую экс-старшыня «Талакі» Алесь Яўсеенка называў «Як мы ганялі альпіністаў».

Мясцовыя ўлады далі дазвол гомельскім альпіністам трэніравацца на руінах праваслаўнай Мікалаеўскай царквы, пабудаванай яшчэ ў 1805 годзе ў стылі класіцызм у раёне Старой Валатавы. Абураныя талакоўцы спачатку спрабавалі размаўляць з альпіністамі, пераканаць у неэтычнасьці і шкоднасці для помніка выкарыстаць будынак царквы для заняткаў альпінізмам, але спартсмены працягвалі трэніравацца. Тады талакоўцы проста фізічна выштурхнулі альпіністаў з тэрыторыі царквы. Яны самі вырабілі шыльду «Помнік архітэктуры» і замацавалі яе на будынку царквы. Гэтая шыльда правісела аж да пачатку рэстаўрацыі ў 2005 годзе.

Пад кіраўніцтвам Таццяны Сапач талакоўцы пачалі вывучаць каляндарна-абрадавыя святы (Каляды, Гуканне вясны, Купалле), развучвалі абрадавыя песні. Яны папулярызавалі іх у розных навучальных ды іншых установах Гомеля, ад дзіцячых садкоў да універсітэта. «Талака» зладзіла шэраг гістарычных імпрэз сярод якіх: вечары памяці слынных сыноў Беларусі Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі.

26 красавіка 1989 года «Талака» арганізавала першы мітынг, прысвечаны ўгодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Значнай грамадскай акцыяй «Талакі» ў 1989 годзе быў збор подпісаў за адкрыццё беларускамоўных класаў на Сельмашы.
Сабраныя подпісы талакоўцы перадалі ў газету «Літаратура і мастацтва», а адтуль іх накіравалі ў Міністэрства адукацыі. У выніку старшыню «Талакі» Алеся Яўсеенку выклікалі ў гаркам партыі і абвінавацілі ў распальванні міжнацыянальнай варожасці.

У 1990 годзе аналагічны збор подпісаў талакоўцы ладзілі ў раёне Старога Аэрадрома. Талакоўцы збіралі подпісы за перадачу планетарыя — былога сабора Пятра і Паўла — гомельскім вернікам. У выніку было сабрана 2000 подпісаў. Калі сабор нарэшце перадалі вернікам, талакоўцы бралі актыўны ўдзел у яго добраўпарадкаванні, быў арганізаваны збор подпісаў супраць забудовы парка. У гэтым жа годзе пры «Палацы моладзі» Гомсельмаша загадчыца аддзела моладзі талакоўка Вальжына Цярэшчанка стварыла нядзельную школку для дашкалятак, дзе дзеткі знаёміліся з беларускімі традыцыямі, песнямі, гульнямі.

У красавіку 1991 года ў «Палацы моладзі» Гомсельмаша талакоўцы ўдзельнічалі ў арганізацыі фэста з удзелам зорак беларускай бардаўскай песні: Андруся Мельнікава, Сержука Сокалава-Воюша, Алеся Камоцкага, Леры Сом, Зміцера Хведарука, Юрася Змушко, Вальжыны Цярэшчанкі.

Талакоўцы выявілі свой патрыятызм і ў рэлігійных пытаннях.
Уніяцкі святар Пётр Кузмічоў у Львове атрымаў дабраслаўленне на стварэнне ўніяцкай суполкі ў Гомелі. Для рэгістрацыі суполкі патрэбна было 20 чалавек. Першымі вернікамі сталі талакоўцы.

«Талака» першай вынесла на вуліцы горада бел-чырвона-белыя сцягі: на першамайскую дэманстрацыю 1989 года.

Гомельскія талакоўцы былі сталымі ўдзельнікамі шэсця Дзяды, памінання ахвяр таталітарызму ў Менску. «Талака» на пачатку 1989 года брала ўдзел у першым мітынгу ў Беларусі на стадыёне Дынама.

«Талака» сталася падмуркам для стварэння Народнага Фронту ў Гомелі.
Пасля зыходу ў палітыку большасці сябраў «Талакі» ў 1992 годзе ў арганізацыі засталіся толькі Зміцер Сасноўскі — будучы стваральнік «Старога Ольсы», Сяржук Вінаградаў.

З актывізацыяй дзейнасці «Талакі» ў той час моцна дапамагла менская маладзёвая арганізацыя «Выбранецкія шыхты» на чале з Ігарам Міхно. Некаторы час «Талака» нават афіцыйна лічылася філіяй «Выбранецкіх шыхтоў» і назавалася афіцыйна: «Гомельская выбранецкая брыгада «Талака».

Летам 1993 г. ўпершыню зладжана першае Купалле новага складу «Талакі» — у гэтым жа выглядзе яно існуе ў дзейнасці арганізацыі і зараз.

30 красавіка 1993 года «Талака» сумесна з арганізацыяй «Выбранецкія шыхты» выправілася ў краязнаўча-этнаграфічную вандроўку «Беларуская Смаленшчына», якая паставіла за мэту зафіксаваць рэшткі беларускай культуры на этнічных беларускіх землях, што апынуліся ў складзе Расеі. Экспедыцыя ў складзе 20 чалавек пачала сваё пешае падарожжа з невялікага мястэчка Мсціслаў, пабывала ў вёсках Бізюкі, Еўлашы, Пустынкі, Любавічы, Слівін, Калеснікі, Пажаршчына, Хіславічы. Скончылі падарожжа ў Смаленску. Падчас вандроўкі талакоўцы запісвалі ўспаміны мясцовых жыхароў, мясцовы фальклор, аглядалі шматлікія архітэктурныя помнікі. Па матэрыялах экспедыцыі талаковец Яўген Касцюшка надрукаваў дзве публікацыі.

Ад 2001 года на «Талацэ» з’явілася батлейка — лялечны народны тэатр.

Талакоўцы ладзяць прадстаўленні самай папулярнай батлейкавай п’есы на біблейскую тэму — «Цар Ірад».
Штолета талакоўцы ладзяць краязнаўчыя вандроўкі.
Талакоўцамі запісаны аўтэнтычны матэрыял з-пад Турава, Чачэрска, Петрыкава, Жлобіна, Калінкавіч, Лельчыц, Століна, Лоева, Петрыкава, Нароўлі, Жыткавіч.

Амаль кожны год, пачыная з 1993 года, талакоўцы наведваюць архаічнае свята «Пахаванне стралы» ў вёсках Стаўбун, Неглюбка, Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, якое адбываецца на праваслаўнае свята Ушэсце (на саракавы дзень пасля Вялікадня).

Увесну 2000 года «Талака» пачала добраўпарадкаванне тэрыторыі Кагальнага рова — гістарычнага раёна Гомеля, размешчанага ўверсе былога рэчышча рэчкі Гамеюк.

У апошнія гады «Талака» займаецца арганізацыяй канцэртаў, выступаў у Гомелі беларускіх музыкаў розных напрамкаў, сустрэч з пісьменнікамі, паэтамі, гісторыкамі, журналістамі.

«Талака» дапамагае гомельскім бардам у запісы ды выданні музычных дыскаў.

Цяжка пераацаніць значэнне «Талакі» для грамадскага жыцця Гомельшчыны. Без перабольшвання можна сказаць, што

«Талака» — гэта сапраўдная з’ява ў культурным жыцці Гомеля.
У розныя часы каля 200 маладых людзей былі сябрамі арганізацыі. «Талака» стала асновай для ўзнікнення многіх новых грамадскіх арганізацый. Так, Наталля Дзенісюк стала заснавальніцай моладзёвай арганізацыі «Беларускія выведнікі», Яўген Касцюшка — Моладзевага цэнтра «Яравіт». Старшыня «Талакі» Зміцер Сасноўскі стварыў папулярны музычны гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», Барыс Сачанка стаў вядомым пісьменнікам, Алесь Бяляцкі і Алесь Яўсеенка — праваабаронцамі, Вальжына Цярэшчанка — бліскучым бардам. Багата былых талакоўцаў працуюць настаўнікамі і выкладчыкамі: Яўген Касцюшка, Ларыса Шчыракова, Наталля Маркевіч, Сяржук Балахонаў, Дзяніс Міхасёў, Яўген Малікаў. Навукоўцамі, даследчыкамі беларускай нацыянальнай культуры сталі талакоўкі Таццяна Тоўсцік, Алена Ведзь і шмат іншых.

Калі ты хочаш жыць насычана,

Не шукай прыгод запазычаных,

А хадзем да нас, запрашаем мы ў нашую «Талаку»:

[email protected]

* * *

«Талака» святкуе сваё 25-годдзе ўрачыстай імпрэзай 3 снежня. «Наша Ніва» далучае свае віншаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?