У мінтрансе Расеі лічаць, што Беларусь не прыняла мераў па паляпшэньні ўмоваў транзыту расейскіх грузаў, якія ідуць з Калінінградзкай вобласьці.

Транспартнае ведамства Расеі лічыць, што беларускі ўрад вінаваты ў складаным парадку перамяшчэньня расейскіх грузаў празь Беларусь. Як адзначае прэс‑служба міністэрства транспарту Расеі, урад Беларусі дагэтуль не зрабіў захадаў, каб палепшыць умовы транзыту расейскіх грузаў з Калінінградзкай вобласьці.

У гэтай сувязі міністэрства транспарту Расеі заявіла, што «ня лічыць магчымым разглядаць пытаньне пра вылучэньне беларускаму боку расейскіх дазволаў на ажыцьцяўленьне перавозак грузаў у/з трэціх краін».

У паведамленьні Мінтранса РФ паведамляецца, што ад студзеня 2007 году «беларускія мытныя органы сталі даглядаць усе расейскія тавары, якія ідуць з Калінінградзкай вобласьці транзытам праз Рэспубліку Беларусь на астатнюю частку тэрыторыі РФ, з прымяненьнем абавязковага канваяваньня транспартных сродкаў».

Як адзначае транспартнае ведамства Расеі, дзеяньні мытных органаў Беларусі прывялі да таго, што «на беларуска‑літоўскім участку мяжы сабралася вялікая колькасьць транспартных сродкаў у чаканьні афармленьня працэдуры дастаўкі й прыбыцьця нарадаў канвою». Больш за тое, «гэта прывяло да дадатковых фінансавых выдаткаў» расейскіх грузаперавозчыкаў, адзначае мінтранс Расеі.

Дзеяньні беларускіх мытных органаў мінтранс Расеі ўважае «парушэньнем сумесных дамоўленасьцяў 1998 году па пытаньнях перавозак расейскіх тавараў з Калінінградзкай вобласьці на астатнюю частку тэрыторыі Расейскай фэдэрацыі транзытам празь Беларусь і ствараюць напружанасьць на межах».

Між тым, міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі заявіла, што не атрымлівала афіцыйнага паведамленьня ад Мінтрансу Расеі.

Паводле Telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0