Фестываль-конкурс студэнцкай творчасці «PROяўленне», які праводзіць з 2009 года Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, у 2013 годзе плануецца зрабіць міжвузаўскім — з мэтай стварэння творчых саюзаў мінскіх студэнтаў. Гала-канцэрт гэтага фестывалю пройдзе 8 снежня на сцэне канцэртнай залы «Мінск», паведаміла аўтар праекта, дырэктар студэнцкага клуба БДУКМ Настасся Цімонькіна.

Журы конкурсу, у склад якога ўваходзяць вядучыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі, прадстаўнікі беларускага і замежнага шоу-бізнесу, трэба будзе выбраць лепшых з лепшых. Паводле слоў Настассі, удзельнікі фестывалю ў далейшым атрымліваюць прапановы ад святочных агенцтваў, рэкламных праектаў. А адна з пераможцаў мінулагодняй «PROяўленне» Ксенія Ланава выйшла ў фінал украінскай фабрыкі зорак.

Дарэчы, «PROяўленне» — гэта таксама сваеасаблівая фабрыка зорак. Па выніках кастынгу для ўдзелу ў фестывалі адбіраюць студэнтаў-вакалістаў, харэографаў, рэжысёраў, менеджараў, з якіх у далейшым фарміруюцца творчыя групы па 4 чалавекі.

У гэтым годзе была сфарміравана 21 такая каманда. На працягу месяца ім трэба было падрыхтаваць два канцэртныя нумары: адну песню выканаць у любым жанры на любой мове, другую — на беларускай. У працэсе падрыхтоўкі да справаздачных выступленняў студэнты праходзілі псіхалагічныя трэнінгі, якія дапамагаюць згуртавацца, стаць сапраўднай камандай. Майстар-класы, групавыя і індывідуальныя заняткі па вакалу, менеджменту, рэжысуры, харэаграфіі для канкурсантаў праводзіл прафесіяналы беларускага шоу-бізнесу і студэнты БДУКМ, у якіх ужо ёсць вопыт работы ў названых напрамках, расказала Настасся. Акрамя таго, удзельнікі фестывалю далі выязныя дабрачынныя канцэрты ў Беларускім дзіцячым хоспісе, рэабілітацыйным цэнтры дзённага знаходжання, у дарослым псіханеўралагічным дыспансэры, інтэрнаце для дзяцей з цэрэбральным паралічам у Асіповічах.

Фестываль «PROяўленне» прэтэндуе на званне студэнцкага культурнага форуму, ён павінен сфарміраваць творчы рух маладых людзей, якія паважаюць нацыянальныя традыцыі і эстраднае мастацтва Беларусі.

Мэта конкурсу — садзейнічаць мастацка-эстэтычнаму выхаванню, раскрыццю творчага патэнцыялу моладзі, умацаваць узаемадзеянне сярод прадстаўнікоў розных відаў мастацтваў, арганізаваць вольны час студэнтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?