У Мінску неабходна ўзяць пад кантроль цэны на садавіну і агародніну, якія рэалізуюцца ў аб’ектах дробнарознічнага гандлю ў вясенне-асенні перыяд.
Такое даручэнне даў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька службам гарвыканкама сёння на аператыўнай нарадзе.

Кіраўнік сталіцы выказаў нездавальненне ўзроўнем цэнаўтварэння на вітамінную прадукцыю з латкоў, які фарміруюць суб’екты гаспадарання, заўважыўшы, што іх цэны вышэйшыя ў параўнанні з цэнамі ў стацыянарных аб’ектах гандлю сталіцы.

Як інфармаваў начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Андрэй Новікаў, агароднінныя латкі, як правіла, устанаўліваюць у найбольш людных мясцінах.

Суб’екты гаспадарання фарміруюць цэны на прадукцыю самастойна.

На думку Мікалая Ладуцькі, суб’екты гаспадарання неабгрунтавана завышаюць цэны на продаж вітаміннай прадукцыі з латкоў. «Яны (суб’екты гаспадарання) падатак плацяць фіксаваны. І атрымліваюць дадатковы неабгрунтаваны прыбытак», — падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама.

Ён даручыў структурным падраздзяленням гарвыканкама (упраўленням гандлю і паслуг, цэнаўтварэння) пасля заканчэння сезона гандлю з латкоў падрыхтаваць прапановы па фарміраванню падыходаў у цэнаўтварэнні на такую прадукцыю ў новым сезоне. «Наша задача не проста прадаць месцы пад сезонны гандаль, а забяспечыць абарону шырокіх слаёў насельніцтва», — сказаў Мікалай Ладуцька. Ён даручыў перад пачаткам новага сезона продажу вітаміннай прадукцыі з латкоў арганізаваць з суб’ектамі гаспадарання сустрэчу і вызначыцца з цэнавымі пазіцыямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?