Імпрэза мела адбыцца 13 лютага ў Доме літаратара, але адміністрацыя ўстановы ў сераду адмовіла ў яго правядзеньні па «тэхнічным прычынам».

Адзін з арганізатараў канцэрту Франак Вячорка паведаміў, што адміністрацыя Дому літаратара спасылаецца на распараджэньне Гаспадарчай управы Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

‑ Дамова была ў нас яшчэ 31 студзеня, — кажа Ф.Вячорка, — Мы ўжо пачалі рыхтаваць неабходныя фінансавыя дакумэнты. Але, аказваецца, канцэрт з нагоды Дня сьвятога Валянціна нельга праводзіць у дзяржаўных установах, бо «можа ўзнікнуць даўка».

У імпрэзе яе арганізатары — камісія па культуры партыі БНФ і сябры кампаніі «За свабоду» – зьбіраліся аб’яднаць некалькі падзеяў: Дзень сьвятога Валянціна, дзень нараджэньня Кастуся Каліноўскага, які прыпадае на люты, а таксама прэзэнтаваць музычны дыск барда Сяржука Сокалава‑Воюша.

Ф.Вячорка лічыць забарону мерапрыемства палітычна матываваным, але кажа, што канцэрт ўсё ж адбудзецца. «Магчыма, імпрэза пройдзе ў Чырвоным касьцёле, на сядзібе партыі БНФ, ці яшчэ ў нейкім месцы», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?