У парламенцкіх выбарах 2012 года ў Беларусі «кааліцыя шасці» будзе удзельнічаць, але ў якім фармаце — яшчэ не вызначана. Пра гэта заявіў адзін з удзельнікаў кааліцыі, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін 6 снежня пасля сустрэчы лідараў «кааліцыі шасці» у Мінску.

Паводле слоў Марголіна, на сустрэчы абмяркоўваўся план палітычных дзеянняў на канец 2011 года і на 2012 год. «Кааліцыя шасці» прыняла рашэнне аб пачатку фарміравання агульнага спісу палітычных лідараў у краіне для правядзення сумесных палітычных акцый, не выключаючы і парламенцкія выбары. «Вырашана, што галоўны цяжар фарміравання гэтых спісаў будзе на нашых рэгіянальных арганізацыях і кааліцыях», — адзначыў ён.

«Палітычныя партыі не могуць не удзельнічаць ў выбарах, таму ў выбарах мы будзем удзельнічаць у любым выпадку, але фармат гэтага ўдзелу яшчэ не вызначаны. Гэта можа быць і байкот, актыўны байкот з тлумачэннем нашай пазіцыі ці ўдзел у парламенцкіх выбарах у якасці кандыдатаў ад кааліцыі», — сказаў Марголін.

Ён паведаміў, што АГП сфармулюе сваю афіцыйную пазіцыю падчас з’езда партыі. «Але я думаю, што большасць сябраў партыі ўсё ж такі прытрымліваюцца той пазіцыі, што калі не будзе ніякіх зменаў у фармаце правядзення выбараў, у выбарчым заканадаўстве і калі не будуць выпушчаны палітвязні, то, напэўна, мы вылучаць сваіх кандыдатаў не будзем», — сказаў прадстаўнік АГП.

Нагадаем, у «кааліцыю шасці» уваходзяць

прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», руху «За Свабоду» і кампаніі «Гавары праўду!».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?