Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч — адзін з тых, хто ў нашыя не самыя літаратурацэнтрычныя часы змог даказаць, што паэзія можа быць адначасова непапсовай і папулярнай.
Вершы Хадановіча ўжо зрабіліся класікай нулявых, а дзякуючы ягоным перакладам па-беларуску загаварылі дзясяткі паэтаў і празаікаў — ад Леанарда Коэна да Юрыя Андруховіча. Якой музыкай натхняецца сам Андрэй?

«Найперш трэба згадаць Леанарда Коэна, — кажа Хадановіч. — Скажам, яго песню Hallelujah. У мяне шмат любімых песняў Коэна, але гэтая вельмі добра ўвасабляе тое, за што я цаню гэтага творцу. Ён перадусім вялікі паэт, які ўвасобіў сваю лірыку ў адэкватнай музычнай форме. Некаторыя лічаць яго шансанье, некаторыя пад яго танчаць, але пры гэтым ягоныя вершы трапляюць у нерв: інтэлектуальныя і вельмі шчырыя адначасова.

Джэйн Біркін, песня L’Aquoiboniste, напісаная Сержам Гензбурам, яшчэ адным прыўкрасным паэтам, што знайшоў для сваёй лірыкі адпаведную музычную падачу. Для мяне Гензбур — увасабленне ўсяго найлепшага, што было ў французскай „новай хвалі“, разам з фільмамі Гадара і Труфо. Гензбур — іранічны і тонкі да неперакладальнасці. А яшчэ яго кахалі найпрыгажэйшыя жанчыны таго часу (Джэйн Біркін — не выключэнне). Вельмі цікава бачыць, як магія паэта адлюстроўваецца праз ягоную музу.

Песня „Лілі Марлен“ зрабілася папулярнай падчас Другой сусветнай вайны, хаця напісалі яе падчас Першай. Я адкрыў яе для сябе разам з геніяльным аднайменным фільмам Фасбіндэра, які рве шаблоны і змяняе стэрэатыпы ў поглядзе на гісторыю. Прынамсі, перастаеш наіўна дзяліць свет на белае і чорнае, шкадуючы чалавека ў тым, каго цябе вучылі лічыць ворагам. Тэма вайны пераплятаецца з тэмай кахання, і апошняя перамагае. Не трэба быць бітнікам, дастаткова паслухаць гэтую песню, каб прыйсці да формулы: „Make love, not war“.

Не магу абыйсці ўвагай палякаў. І тут па-за канкурэнцыяй для мяне песня Яцка Качмарскага „Nasza klasa“. Гэта такі сумны погляд на пакаленне аўтара. У першай частцы песні пералічваюцца былыя аднакласнікі: нехта трагічна загінуў, нехта зваліў на Захад, іншыя толькі думаюць звальваць. А ў другой палове раскіданае па свеце пакаленне зліваецца ў вобразе аднаго дрэва, што каранямі й галінамі яднае жывых з памерлымі. Па-мойму, глыбокая філасофія і віртуозная паэзія.

Не схлушу, калі скажу, што люблю расійскую аўтарскую песню. Галіча, Высоцкага. Асабліва Булата Акуджаву — за жыццёвую мудрасць, увасобленую ў вельмі далікатнай паэтычнай форме. Здаецца, няма ніякага пафасу, але ціха прагаворваюцца страшэнна важныя рэчы. Напрыклад, песня „Малітва Франсуа Віёна“, пад якой разам з Акуджавам і Віёнам падпісалася б уся інтэлігенцыі ХХ стагоддзя, што перажыла і агонь, і ваду, і медныя трубы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?